Нямеччына вышле двух расійскіх дыпламатаў

04.12.2019 / 14:54

Нямеччына вышле двух супрацоўнікаў пасольства Расіі ў сувязі з забойствам былога чачэнскага палявога камандзіра, грамадзяніна Грузіі Зелімхана Хангашвілі ў Берліне. Пра гэта ў сераду, 4 снежня, паведамляе МЗС ФРГ на сваім сайце.

Высланыя дыпламаты абвешчаныя персонамі нон грата. Вядома, што справай заняўся генеральны пракурор Нямеччыны. Праваахоўныя органы лічаць, што ў іх дастаткова фактычных доказаў дачынення дзяржаўных органаў Расіі ці Рэспублікі Чачня да забойства Хангашвілі.

Акрамя таго, пасол Расіі Сяргей Нячаеў быў выкліканы ў МЗС Германіі. Да гэтага стала вядома, што Нямеччына можа ўвесці новыя санкцыі супраць Расіі ў выніку расследавання гэтай справы.

Раней была ўстаноўлена асоба падазраванага ў забойстве Хангашвілі. Ім аказаўся расіянін Вадзім Мікалаевіч Красікаў 1965 году нараджэння. Яго звязваюць з забойствам у студзені 2013 года. Тады «кілер на ровары» забіў бізнэсмэна з Кабардзіна-Балкарыі. Па дадзеных журналістаў, забойцу могуць пакрываць расійскія ўлады. Адзначаецца, што яму таксама ўдалося атрымаць падроблены замежны паспарт з прозвішчам Сакалоў і прайсці мяжу — без дапамогі уплывовых заступнікаў ён не змог бы з'ехаць з краіны.

23 жніўня ў парку Берліна быў забіты стрэлам у галаву грамадзянін Грузіі чачэнскага паходжання Зелімхан Хангашвілі, якога называлі адным з набліжаных да Аслана Масхадава і Шаміля Басаева.

У Нямеччыне Красікава западозрылі ў сувязях з спецслужбамі РФ. У расійскім МЗС назвалі такія здагадкі глупствам і заклікалі дачакацца заканчэння расследавання

Nashaniva.com