Ноўнэймы і Лідзія Ярмошына: 19 найлепшых кліпаў беларускіх выканаўцаў у 2019 годзе ВІДЭА

У прадстаўнікоў айчыннай музыкі атрымаўся даволі ўраджайны год. Самыя цікавыя альбомы (іх было нямала) можна знайсці ў нашых штомесячных аглядах, а сёння мы сабралі топ з 19 найлепшых, на наш погляд, музычных кліпаў беларускіх выканаўцаў.

21.12.2019 / 21:11

19. ZOLKI BAND — Drevy i cieni

Гэты кліп брэсцкія музыкі прысвяцілі сваім зямлякам, якія змагаліся і змагаюцца супраць адкрыцця акумулятарнага завода ў сваім горадзе. 

На працягу кліпа на адзенне героя праецыруююцца розныя з'явы: блакітнае неба пераўтвараецца ў навальнічны небасхіл, а замест кветак і раслін з'яўляюцца агонь, Ярмошына, Марзалюк і кадры разгонаў апазіцыйных акцый.

18. Разбітае Сэрца Пацана — Жэншчына хочэт

(асцярожна, у кліпе ёсць нецэнзурная лексіка)

У сваім новым кліпе РСП расказалі пра тое, што можа адбыцца, калі крышачку перабраць на Зыбіцкай: «Сёння ноч зарплаты, сёння ты сатана», як спяваецца.

Што цікава, для здымак гурт не выкарыстоўваў прафесійную тэхніку — толькі смартфоны і відэарэгістратары.

17. СіРОП — Бабочки

(асцярожна, у кліпе ёсць нецэнзурная лексіка)

Былы саксафаніст «Ляпіса Трубяцкога» Аляксей Загорын больш за 17 год правёў у турме. Пасля апошняй адседкі Загорын вырашыў прысвяціць сябе музыцы і стаў «адзіным у Беларусі гангста-рэперам» па мянушцы СіРОП.

Песню СіРОП напісаў якраз за кратамі ў 2011 годзе пад уплывам дзвюх кніг: «Турмы» Кінга і «Калекцыянера» Фаўлза. Гэта трэк пра яго самога: узлёты і падзенні, барацьба і сыход ад рэальнасці, амаль што смерць і поўнае перараджэнне.

16. J:МОРС — Нравится

Калі пасля прагляду папярэдняга кліпа ў вас паменела аптымізму, то J:MORS верне ў вас жаданне жыць.

Уладзімір Пугач з прыгажуняй едзе ў кабрыялеце па летнім Мінску, і гэты відэашэраг перамяжоўваецца кадрамі з усмешкамі розных людзей. Элементарна, але вельмі пазітыўна.

15. Naviband — Галилео (Два человека)

Даволі нетыповая песня для гурта. Усё тая ж бясконцая любоў да жыцця, але крыху нязвыклая аранжыроўка. 

Кліп уражвае сваёй мінімалістычнай прыгажосцю на фоне фантастычных пейзажаў.

14. Lavon Volski — Zima

Пабылі ў леце, цяпер пара вяртацца ў нашу беларускую рэчаіснасць.

Кліп Лявона Вольскага — пра «краіну светлага заўтра», дзе абяцалі лета, але зіма зацягнулася на дзесяцігоддзі.

13. Зміцер Вайцюшкевіч — Баю-бай

Кранальныя вершы Уладзіміра Някляева і пяшчотная музыка Змітра Вайцюшкевіча зліліся ў чароўную песню «Баю-бай», на якую выйшаў вельмі цёплы анімацыйны кліп. У ім музыкі і сам выканаўца выяўленыя смешнымі сабакамі.

12. Лера Яскевіч — Прощай. Прости

У Леры Яскевіч выдаўся вельмі насычаны год: выйшаў першы дэбютны альбом, летам — міні-плытка на 6 песень, а таксама пара сінглаў і некалькі кліпаў. 

Як заўсёды, усё вельмі лірычна, цёпла і кранальна. Здавалася б, а як яшчэ можа быць у 20-гадовай дзяўчыны?

11. DREZDEN — Эдельвейс

Кліп на тытульны трэк новага альбома калектыва Сяргея Міхалка, як заўсёды, поўны загадак і схаваных сэнсаў. Гэта аповед пра доўгае бясконцае вяртанне дадому, імкненне, чаканне і надзею як найхутчэй быць сапраўднымі ў найлепшай кампаніі.

«Эдэльвейс» — гісторыя пра касмічнае прыцягненне паміж сусветамі, што заключаныя ў чалавечыя целы, дзе Зямля — праваднік», — так характарызуе сваю працу рэжысёрка Караліна Палякова.

10. Ціма Беларускіх — Витаминка

Самае папулярнае відэа ў нашым топе: на YouTube «Вітамінка» сабрала 75 мільёнаў праглядаў. А Укантакце трэкі Цімы Беларускіх сёлета праслухалі больш за 1 мільярд разоў.

Выглядае даволі пацешна, калі кліпы ў стылі 90-х здымаюць людзі, якіх у гэты час яшчэ не было. Ад гэтага атрымліваецца цікавы, але крыху аднабокі погляд на той час: касетныя магнітафоны, 8-бітныя прыстаўкі і пэйджары. Яшчэ і з рэкламнымі інтэграцыямі сучасных прадуктаў. Таму толькі дзясятае месца.

9. Бакей — Я бунтарь

(асцярожна, у кліпе ёсць нецэнзурная лексіка)

Бакей, якому забаранілі паехаць у тур па Беларусі праз «нізкі мастацкі ўзровень», сёлета зняў іранічны кліп пра жыццё маладых рэпераў, якія бачаць сябе бунтарамі, але з'яўляюцца такімі толькі ў сваіх марах.

8. Weed & Dolphins — HIGH

Вы наўрад ці чулі пра гэты беларускі гурт, але Weed & Dolphins актыўна выступаюць на еўрапейскіх канцэртах і шоўкейсах.

Галоўным героем псіхадэлічнага кліпа мінчукоў з'яўляецца мікрафонны провад як сімвал усяго жыцця музыкаў: як чорных момантаў, так і найбольш паспяховых.

7. Dzieciuki — Калі над лугам бусел праляцеў

Кліп гарадзенскіх панкаў быў зняты нямецкім рэжысёрам Робертам Экштайнам, даўнім сябрам гурта, у невялічкай польскай вёсцы на беларуска-літоўскім памежжы.

Галоўную ролю ў відэа выканаў Пётрык Дудановіч, які арганізоўвае канцэрты «Дзецюкам» у Польшчы.

6. ЛСП — Автоплей

(асцярожна, у кліпе ёсць нецэнзурная лексіка)

Яшчэ адзін анімацыйны кліп у нашым топе.

На яго кадрах, акрамя удзельнікаў гурта, можна пабачыць шмат знаёмых твараў: Юрыя Дудзя, Мэрылін Манро, баскетболіста Яа Міна і нават жанчыну, вельмі падобную да Лідзіі Ярмошынай.

5. NIZKIZ — Интроверт

Кліп з'яўляецца працягам леташняга відэа на песню «Люстэрка», якая гучыць у пачатку відэашэрагу. Галоўную ролю ў абодвух кліпах грае адзін і той жа акцёр — Антон Макуха.

Калі ў «Люстэрку» герой спрабуе зазірнуць унутр сябе, каб разабрацца, чаго так пазбягае, то ў «Інтраверце» ён хавае сябе ад астатніх на сваёй уласнай планеце.

4. Zui — Папу уволили

Zui — гэта сумесны праект музыкаў гуртоў «НагУаль» і «ili-ili». Сам гурт называе сваё відэа «трэйлерам да нязнятага мастацкага фільма з 80-х».

Як бы тое ні было, у відэа вельмі тонка перададзена атмасфера дзіцячага неразумення дарослых праблем і спробаў у іх разабрацца. 

3. Molchat Doma — Танцевать

Пра Molchat Doma часцей за ўсё кажуць у кантэксце іх еўрапейскіх поспехаў, якія мяжуюць з тым, што «пра гэты гурт ніхто не ведае ў іх на радзіме».

Кліп на трэк «Танцевать» зняла іспанская рэжысёрка Ізабэль Падзілья, якая адкрыла для сябе гурт якраз праз YouTube. Галоўны герой відэа — малады вампір, што даволі дзіўна і ніяк не вынікае з тэксту песні. Але так пабачыла аўтарка. 

2. Макс Корж — Шантаж

Яшчэ адно відэа са шматмільённымі праглядамі — сёння больш за 18 з паловай мільёнаў.

«Шантаж» — гэта нешта кшталту троххвіліннага кароткаметражнага фільма пра двайное жыццё сямейнай пары, якая спалучае вобраз «паспяховага сем'яніна» і вечары з палюбоўнікамі. І як палюбоўнікі карыстаюцца гэтым.

1. Петля Пристрастия — Прксблннст

(асцярожна, у кліпе ёсць нецэнзурная лексіка)

Вельмі моцны кліп, якія распавядае пра гісторыю пустэльніка, які збег з горада са шматпавярховымі гмахамі і гіганцкімі трубамі ТЭЦ. Аднойчы ён знаходзіць у снезе змерзлае, але яшчэ жывое птушаня. І тут у ягоным жыцці з'яўляецца хоць нейкі сэнс.

Ці зможа ён выратаваць птушку і што будзе пасля — адказы можна знайсці ў відэа, якое мы прызнаем найлепшым у гэтым годзе.

Піліп Каваленка