Дзевяць гадоў таму адбылася Плошча-2010: прайшлі прэзідэнцкія выбары і масавая акцыя пратэсту
19.12.2019 / 08:46
Фота Алеся Пілецкага
Дзевяць гадоў таму, 19 снежня 2010 г., у Беларусі прайшлі чацвёртыя прэзідэнцкія выбары.
Паводле афіцыйных звестак, перамогу на выбарах з вынікам амаль 80% атрымаў Аляксандр Лукашэнка. Незалежныя апытанні аспрэчвалі гэты вынік.
Вечарам 19 снежня ў Мінску прайшла акцыя пратэсту. Яна стала самай вялікай за апошнія гады (каля 40 тысяч чалавек) і была жорстка разагнаная. Перад акцыяй быў жорстка збіты Уладзімір Някляеў.
Больш за 700 чалавек трапілі за краты. У Беларусі прайшлі ператрусы ў дэмакратычных актывістаў, на офісах арганізацый і рэдакцыях газет, у тым ліку ў «Нашай Ніве».
З экс-кандыдатаў Андрэй Саннікаў быў прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі, Ус — да 5,5, Статкевіч — да 6, Някляеў — да 2 гадоў з адтэрміноўкай на два гады, Рымашэўскі — да 2 гадоў умоўна. Былі асуджаныя некалькі грамадскіх актывістаў. Усяго былі асуджаныя за «масавыя беспарадкі» 49 чалавек, а ў некалькіх рэдакцыях і журналістаў, у тым ліку ў «Нашай Ніве», прайшлі ператрусы і канфіскавана тэхніка.
Пасля ўсіх асуджаных праваабаронцы, ЕС і ЗША прызналі палітвязнямі. Апошнія фігуранты справы выйшлі на свабоду пасля памілавання прэзідэнтам у жніўні 2015 года.