Горячие танцы и необычные инструменты: какие сюрпризы готовят участники «Каляднага Фэста — 2019»
24.12.2019 / 10:26
25 снежня ў мінскім клубе Re:Public адбудзецца галоўная штогадовая падзея для ўсіх аматараў беларускай фальклорнай музыкі — святочны «Калядны Фэст». Традыцыйна на сцэне выступяць выбітныя калектывы і выканаўцы сярэднявечнай і фолк-музыкі.
Знаёмімся з удзельнікамі «Каляднага Фэста 2019» і даведваемся, якія сюрпрызы яны падрыхтавалі наведвальнікам дванаццатай па ліку, гучнай зімовай імпрэзы беларускай музычнай фолк-культуры!
Стары Ольса
Гурт «Стары Ольса» адзначае 20-годдзе. Кіраўнік гурта Зміцер Сасноўcкi перад снежаньскім канцэртам адчувае неўсвядомленасць такой даты, бо нават праз 20 гадоў удзельнікі засталіся такімі ж маладымі і захоўваюць моцнае жаданне адраджаць. З цягам часу яны ставяцца да роднай гісторыі з яшчэ большым патрыятызмам.
Гурт — пастаянны ўдзельнік «Каляднага Фэста». Не губляць цікавасць да выступаў дапамагае унікальнасць свята, што аб’ядноўвае беларусаў з рознымі светапоглядамі, каштоўнасцямі, рэлігіямі. Свята, праз якое людзі генетычна адчуваюць стварэнне новага свету, прыроды.
Дарэчы, «Калядны Фэст 2019» унікальны тым, што пять гадзін гуку будуць прысвечаны менавіта гурту «Стары Ольса». «Стары Ольса і сябры» — так жартаўліва Зміцер назваў снежаньскае шоу.
Дуэт Алеся Чумакова і Таццяны Ячнай
Алесь Чумакоў — адзін з удзельнікаў гурта «Стары Ольса». У складзе калектыва ён будзе дарыць усім святочны настрой і дзяліцца цікавымі гісторыямі, якіх за 20 гадоў, безумоўна, набралося шмат. Прыхільнікаў чакае жывы і класны канцэрт! Але гэта не ўсё: Алесь Чумакоў рыхтуе невялікі выступ пад гуслі менавіта з каляднымі песнямі. І не адзін, а ў дуэце са спявачкай Таццянай Ячнай!
Госці «Каляднага Фэста» пачуюць некалькі папулярных еўрапейскіх калядных песен, перакладзеных на беларускую мову паэтамі. «Калі гук не падвядзе, усё будзе цудоўна!» — кажа рашуча настроены Алесь.
Кася Радзівілава і гурт «Рарог»
Кася Радзівілава да 2005 года ўваходзіла ў склад гурта «Стары Ольса».
У 2003 годзе яна стварыла ўласны калектыў «Рарог», назва якога паходзіць ад цудоўнай птушкі. «Рарог» нават удзельнічаў у запісу фільма для ЮНЭСКА, і, калі фармальныя моманты будуць хутка вырашаны, гурт можна будзе неўзабаве пабачыць на тэлеэкране.
Існуюць два склады, якія пастаянна змяняюцца, — малодшы і дарослы. На «Калядным Фэсце» госці пачуюць старэйшы склад. Звычайна гэта хлопцы 12-14 гадоў, але, магчыма, да іх далучыцца дзяўчынка. Стварыць пэўную атмасферу ім дапаможа дуда, жалейка, скрыпка, бубны. Не шмат дзяцей у нашай краіне граюць на такіх спецыфічных інстументах, таму будзе вельмі цікава!
Дуэт шатландскіх дудаў PiobROCK
Як гэта — выступаць у складзе адзінага калектыва Беларусі, які грае на традыцыйных шатландскіх дудах? Няпроста: інструменты тэхнічна складаныя, а каб выконваць кампазіцыі ў традыцыйнай манеры на добрым узроўні, трэба доўга вучыцца.
На «Калядным Фэсце» гурт не будзе здраджваць традыцыям і «запіліць» стары добры рок: гасцям абяцаюць каверы і магчымасць пачуць знаёмыя мелодыі. Будзе весела і горача!
Trollwald
Яшчэ некалькі гадоў таму Андрэй Апановіч таксама ўваходзіў у склад калектыва «Стары Ольса», але зараз ён рыхтуе выступ з уласным гуртом Trollwald. На фэсце гурт здзівіць новымі песнямі. Таксама ўдзельнікі абяцаюць пастарацца арганізаваць сюрпрыз з запрошаным музыкам.
Этна-праект Патрыцыі Свіцінай
Этна-праект Патрыцыі Свіцінай не так даўно стаў пераможцам у конкурсе маладых калектываў. Да «Каляднага Фэста 2019» Патрыцыя са сваім этна-пректам рыхтуе спецыяльную праграму. Падаецца, яны прыемна здзівяць публіку!
Фламея
«Фламея» - калектыў гістарычнага танца. На «Калядным Фэсце» ўдзельнікі гэтага калектыва адказваюць за настрой і рыхтуюць танцавальныя рухі, якія яны вывучаць разам з гасцямі шоу. «Калядны Фэст», на погляд гурта, - важнае мерапрыемства, бо моладзь павінна шанаваць сваю культуру. І менавіта на фэсце ў іх ёсць магчымасць даведацца, як забаўляліся нашыя продкі, пранікнуцца станоўчай атмасферай і нават паўдзельнічаць у свяце, якое ў 2019 годзе прысвечана гурту «Стары Ольса».
1410
На «Калядным Фэсце» госці мерапрыемства пабачаць цудоўны калектыў гістарычнага танца «1410». Яго ўдзельнікі пазнаёмяць усіх прысутных на шоу з «трэшам і чадам» сярэднявечнага і беларускага народнага танца — найважнейшай і, на жаль, амаль страчанай часткай культуры Беларусі. У рамках сваіх выступаў калектыў дапаможа жадаючым адкрыць для сябе новае, а таксама прачуць і палюбіць танцы нашых продкаў.
Дударскі клуб
«Дударскі клуб» — творчае нефармальнае аб’яднанне беларускіх майстроў, якія робяць дуды, музыкаў, якія на іх граюць, а таксама ўсіх тых, хто цікавіцца гэтым інструментам.
На «Калядным Фэсце» ўдзельнікі клуба зайграюць як традыцыйныя, так і сярэднявечныя мелодыі.
* * *
Штогадовы фестываль «Калядны Фэст» адбудзецца 25 снежня ў клубе Re:Public.
Не ўпусціце шанец адзначыць святочную імпрэзу разам з улюбёнымі музыкамі!
Набыць квіток можна ў касах горада, а таксама на сайце.
Даведкі:
+375(44) 551-77-06
+375(29) 851-77-06