Яўген Крыжаноўскі: У нас з Расіяй розныя погляды на інтэграцыю. А ва Украіне нацыяналізм пераходзіць усе межы

У калідоры ў 64-гадовага артыста Яўгена Крыжаноўскага стаіць электрасамакат. Ён кажа, што не ўжывае алкаголь ужо 30 гадоў, займаецца плаваннем, выхоўвае 12-гадовую дачку. І прызнаецца: «Нельга старэць! Не хачу старэць і не буду!»

18.02.2020 / 12:59

А 10-й гадзіны раніцы Яўген Крыжаноўскі сустракае на парозе сваёй кватэры, але ён ужо пры парадзе — пінжак, белая саколка і нязменны чырвоны гальштук.

«Я ўжо вярнуўся з адной сустрэчы. З раніцы паспеў папрацаваць. Зараз размова з вамі — першая ў мяне ў 2020 годзе, пасля зноў сустрэчы, праца», — адказвае Крыжаноўскі.

Чалавек жыве для задавальнення

«Я даўно зразумеў, што чалавек жыве не дзеля дзяцей, не дзеля кахання, не дзеля грошай. Ён жыве для задавальнення. Неяк я прачытаў, што 70% людзей у свеце працуюць на нелюбімай працы. 3% на працы, якую ненавідзяць, але ад безвыходнасці нічога не мяняюць у жыцці. І толькі крыху больш за 20% задаволеныя сваёй працай. Я шчаслівы, бо я магу аднесці сябе да гэтых 20%», — пачынае Яўген Крыжаноўскі.

Ён працуе галоўным рэжысёрам кінацэнтра Яўгена Крыжаноўскага. Як прызнаецца артыст, гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе здымаюць дзіцячае гульнявое кіно.

«У кінацэнтры займаецца 60 дзяцей трох узростаў. Самым малодшым акцёрам, якіх мы называем «малодшышы», пяць гадоў, найстрашэйшым — 14 гадоў», — кажа Яўген Крыжаноўскі.

Зараз у цэнтры здымаецца серыял «Прыколы 13 школы». Серыял складаецца з трох кароценькіх сюжэтаў кшталту «Ералаша». Для дарослых здымаецца скетч-шоу «Акулярыкі».

«Нашы праграмы з задавальненнем купляюць расійскія каналы. На 8-м канале два разы на дзень паказваюць «Акулярыкаў», а вось да дзяржаўных каналаў мы зараз спрабуем дагрукацца. У нас абсалютна адсутнічае дзіцячае тэлебачанне, ды і наогул з гумарам усё блага. Чамусьці ўсе думаюць, што беларусы жартаваць не ўмеюць. Беларускія каналы транслююць расійскія ці ўкраінскія перадачы, а вось беларускага гумару вельмі не хапае. Ды што казаць, калі тэатр «Хрыстафор» — адзіны ў Беларусі, хто існаваў і смяшыў 30 гадоў», — разважае Крыжаноўскі.

Кіруе кінацэнтрам жонка Яўгена Крыжаноўскага Ганна.

А вось іх дачка Ксенія ні ў якую не хоча здымацца ў кіно.

«Ёй 12 гадоў, я ей часам гавару: «Ксенія Яўгенаўна, у вас у студыі ёсць знаёмы рэжысёр, знаёмая дырэктарка. Чаму б вам не прыняць удзел у здымках? Аднекваецца. Ёй больш цікава выяўленчае мастацтва», — расказвае Яўген Крыжаноўскі.

Ксенія — гэта самая малодшая з чатырох дачок артыста.

Ці звязаныя з кіно ці тэатрам старэйшыя дочкі:

«Дзякуй богу, не. Які лёс у актрысы? Ты маладзенькая і прывабная вельмі кароткі час, на другі год прыйдуць новыя маладыя і прыгожыя, і што застанецца? З’яўляцца ў эпізодах ці граць бабулек? Не, я вельмі рады, што дочкі знайшлі сябе. Адна стала журналісткай, дзве іншыя працуюць у IT-сферы. Жывуць у Германіі», — адказвае Крыжаноўскі.

Як знайсці другую палову? Паспрабуйце выцягнуць з меха дзве паловы аднаго яблыка

Ганна Крыжаноўская — пятая жонка Яўгена. Розніца паміж імі — 23 гады.

«Вось мне часта кажуць, маўляў, распуснік, кожная наступная жонка маладзейшая за папярэднюю, усё перабірае. А я думаю так. Вазьміце мех яблык, разрэжце кожнае напалову і ссыпце ў той мех. А затым паспрабуйце з першага разу дастаць дзве паловы аднаго і таго ж яблыка. Такі шанс выпадае адзін раз на мільён. У іншых выпадках даводзіцца рабіць другую, трэцюю cпробы», — разважае Яўген Крыжаноўскі.

Крыжаноўскаму спатрэбілася пяць спробаў.

Першы раз Яўген ажаніўся адразу пасля заканчэння інстытута, калі яму было 24 гады. Маладыя пражылі разам усяго год.

«Бацькі маёй першай жонкі былі катэгарычна супраць нашага шлюбу. Яны рабілі ўсё, каб нас развесці, і ўрэшце рэшт ім гэта ўдалося. Цяпер я ўдзячны ім за гэта.

Бывае, выпадкова сустракаю першую жонку ў Мінску, дык хаваюся за вугал, каб не вітацца. Яна стала старой цёткай, асунулася, растаўсцела. Вечна ходзіць з дзвюма торбамі ў руках.

Другая жонка цяжка захварэла і сама сышла ад мяне, не хацела быць абузай. Яна ўжо, на вялікі жаль, памерла. Ад трэцяй жонкі я сышоў сам. А чацвёртая жонка стала хроснай маці маёй дачкі ад Ганны.

Я не ведаю, ці крыўдзяцца на мяне мае жанчыны, але я заўсёды імкнуўся рабіць па сумленні.

Я неяк у Жванецкага пытаўся, ці шмат ён зарабляе. Ён адказаў, што так. Але вымушаны заробак дзяліць паміж былымі жонкамі. Так і я. Усё, што зарабляю, дзялю на пяць роўных кучак», — кажа Яўген Крыжаноўскі.

Са сваёй цяперашняй жонкай Крыжаноўскі пазнаёміўся, калі яму было 43 гады, а Ганне 19.

«Я шмат зрабіў для таго, каб перастроіць Ганну пад сябе. Шмат уклаў, каб у жонцы было тое, што я хачу. Навучыў яе любіць фільмы, каторыя падабаюцца мне, чытаць кнігі, якія чытаю я, ненавідзець тое, што ненавіджу я. Затое цяпер яна мяне ганяе, учора прымусіла прыбрацца ў кватэры. Ведаеце, мужчына вельмі хутка старэе, калі з ім побач жанчына, якая дазваляе яму гэта. Я перыядычна звяртаю ўвагу на тых чыноўнікаў і дэпутатаў, якіх па тэлевізары адчытвае прэзідэнт, і думаю: «Яны ж маладзейшыя за мяне, а выглядаюць як старыя дзяды».

Самае вялікае пакаранне — гэта розныя мовы

Яўген Крыжаноўскі расказвае, што кожную раніцу ён пачынае з прагляду навін. Спачатку ўключае тэлеканал «Еўраньюс», затым лезе ў інтэрнэт.

«Я чытаю і «Нашу Ніву», і «СБ». Лічу, што інфармацыю трэба атрымліваць з розных крыніц, каб мець магчымасць скласці свой пункт гледжання», — кажа Яўген Крыжаноўскі.

Мае ён уласную пазіцыю і наконт інтэграцыі Беларусі і Расіі.

«На жаль, у нас з Расіяй розныя погляды на інтэграцыю. Калі Расія ставіць нас у такія ўмовы, што мы вымушаныя набываць нафту ледзьве не ў Канадзе, пра якую інтэграцыю можа ісці гаворка.

Да таго ж, давайце будзем шчырымі, Расія прывыкла да карупцыі, для нас гэта ўсё ж дзіка. Мне расказваў дырэктар аднаго з малочных заводаў, што калі ён спрабаваў наладзіць продажы ў Расіі, то яму адказалі: «Мільён даляраў, і твой тавар на першых паліцах». Хіба гэта інтэграцыя? З іншага боку, калі паглядзець на Еўрасаюз. Хіба блага, калі адзіная валюта, калі няма межаў? А мы тут адзін з адным паразумецца не можам»,— разважае Яўген Крыжаноўскі.

І працягвае, што інтэграцыя павінна быць ва ўсім, што непаразуменне паміж людзьмі — гэта самае страшнае.

«Давайце Біблію прыгадаем. Калі Бог захацеў пакараць людзей, ён жа раз’яднаў іх. Розныя мовы — гэта самае вялікае пакаранне. Руская мова, беларуская, англійская… Калісьці, я ўпэўнены, нашы нашчадкі будуць здзіўляцца таму, што іх продкі не разумелі адно аднаго, што для таго, каб трапіць у іншую краіну, патрэбны былі візы. І яшчэ, калі казаць пра ідэальны свет, каб я быў старшынёй зямнога шара, я б аддаў усю ўладу жанчынам. Ніводная жанчына ў свеце ніколі не адправіць свайго сына на вайну».

Кожны сатырык — гэта заўсёды палітык

Да таго, што Уладзімір Зяленскі пайшоў у прэзідэнты, Крыжаноўскі ставіцца вельмі сур’ёзна.

«Гэта не жарт, гэта не было рашэнне пайсці ў прэзідэнты па прыколе. Я думаю, што Валодзя ўсур’ёз паставіўся да гэтага.

Гумар і палітыка — гэта рэчы, якія неразрыўна звязаныя. Сатырыкі заўсёды тонка заўважаюць, што адбываецца ў грамадстве, яны пры дапамозе гумару змагаюцца з недахопамі. Гэта вельмі разумныя людзі, з вельмі крытычным мысленнем. Такі і Уладзімір Зяленскі. І ён адназначна лепшы за таго прэзідэнта, які ваяваў.

Зяленскі хоча спыніць вайну, за гэта я яго вельмі паважаю. Я толькі хвалююся за тое, што Зяленскаму можа нашкодзіць нацыяналізм, які ва Украіне зараз пераходзіць усе межы.

Так было ў нас у пачатку 1990-х. З гэтага і ва Украіне пачалася вайна, калі на ўсходзе краіны людзі спужаліся, што іх могуць пераследаваць за тое, што яны размаўляюць па-руску», — кажа Яўген Крыжаноўскі.

«Калі мяне пытаюцца, ці выступае зараз «Хрыстафор», я адказваю: «Так»

Тэатр гумару «Хрыстафор» не дацягнуў да свайго 30-годдзя ўсяго год. Калектыў распаўся ў 2015 годзе. Былі непаразуменні паміж акцёрамі і Яўгенам Крыжаноўскім.

«Яны выказвалі мне прэтэнзіі, што ўсе ведаюць толькі Крыжаноўскага, а іх ніхто. А як? У тэатры Райкіна ведалі толькі Райкіна, у тэатры Вінакура — толькі Вінакура. Мне не так даўно прыслалі афішу, дзе маленькімі літаркамі было напісана, што выступаюць экс-артысты, а вялізнымі — «тэатра «Хрыстафор». Мне не шкада, можа, каб яны зараблялі мільёны долараў, і судзіўся, а так навошта?» — расказвае Яўген Крыжаноўскі.

29 гадоў, што Крыжаноўскі правёў у «Хрыстафоры», ён лічыць лепшымі ў сваім жыцці.

«Першы заробак, які я атрымаў у 1986 годзе ў «Хрыстафоры», быў 800 рублёў супраць 140, якія зарабляў у Купалаўскім тэатры. У мяне ў тэатры былі галоўныя ролі, мяне не хацелі адпускаць, адгаворвалі, прасілі падумаць, але я сышоў у свой тэатр гумару і ні разу пра гэта не пашкадаваў», — расказвае Яўген Крыжаноўскі.

За час размовы Крыжаноўскі не раз казаў пра тое, што ён найшчаслівейшы чалавек.

«А памерці я б хацеў на сцэне. Каб пасля народ абмяркоўваў:

­— Чуў, што ўчора Крыжаноўскі на сцэне гікнуўся?

— Да ты што?! Шкада, што не пайшоў.

Але да гэтага яшчэ вельмі далёка», — адказаў Яўген Крыжаноўскі.

Наталля Тур, фоты Надзеі Бужан