«Віця сказаў, што на ім восем трупаў». Траім жыхарам Случчыны пагражае расстрэл
28.01.2020 / 17:13
Мінскі абласны суд пачаў разглядаць справу аб жорсткіх забойствах у вёсках Случчыны.
На лаве падсудных чацвёра: 36-гадовы Сяргей Захарчэня, 33-гадовы Валянцін Бушнін, 25-гадовы Віталь Мяцеж і 29-гадовы Віктар Скрундзік. Менавіта пасля выхаду апошняга з турмы і пачаліся крывавыя прыгоды гэтай кампаніі.
Віктар Скрундзік і Валянцін Бушнін падчас суда. Фота Сяргея Балая, Tut.by
Сяргей Захарчэня, старэйшы фігурант справы, не ў СІЗА, а пад падпіскай. Яго вінавацяць толькі ў крадзяжы. Трох астатніх хлопцаў абвінавачваюць у забойствах, рабаўніцтве, крадзяжах, наўмысным пашкоджанні маёмасці… Усе трое пад вартай, ім пагражае расстрэл.
«Турмой пахне»
«Толькі з турмы выйшаў, як зноў туды сеў», — кажуць пра Віктара Скрундзіка яго знаёмыя. Віктар рос у вёсцы, яго выгадавалі бабуля з дзядулем. Але ж выхаванне плёну не дало: Скрундзік нідзе не працаваў, меў судзімасць за крадзёж. Выйшаў на свабоду ў кастрычніку 2018 года.
Ужо праз два месяцы Віктар Скрундзік, як мяркуе следства, забіў чалавека. Зрабіў ён гэта разам з мужам сваёй роднай сястры, 25-гадовым Віталем Мяцежам. Ахвярай стаў 94-гадовы пенсіянер Уладзімір Гаркавы з вёскі Ульянаўка.
«Наша Ніва» звязалася з Надзеяй — сястрой Віктара Скрундзіка і жонкай Віталія Мяцежа. У іх з Віталем двое малых дзяцей. Надзея працуе ў калгасе даяркай, Віталь да затрымання быў трактарыстам. У іх дом у вёсцы Ульянаўка.
Надзея распавяла пра брата.
«Віктара гадавалі дзед з бабкай. Я была ў дзіцячым доме. Ён у дзяцінстве, здаецца, нармальны быў, у бабулі з-пад спадніцы не вылазіў — а пасля вось што выйшла. Як падрос, пачаліся праблемы.
І ЛПП, і бабку колькі разоў ён ганяў, я сама на яго міліцыю выклікала… Але мы не пісалі ўсё ж на яго заявы, шкада было. Пасля плацілі штрафы за лжывы выклік міліцыі.
Віктар пазнаёміўся з маім мужам даўно, праз супольнага знаёмага, з якім разам сядзеў на сутках. Пасля было тое-сёе, Віктар сядзеў… А калі выйшаў з турмы апошні раз і пачаў тусавацца з маім мужам, я ляжала ў бальніцы з дзецьмі. Як выйшла, то адразу ім сказала: каб Віцевай нагі ў маім доме не было, бо турмой пахне! Але ж бачыце, як атрымалася», — наракае Надзея.
«Дзед гарыць!»
Надзея згадала і падзеі ў дзень забойства аднавяскоўца — 21 студзеня 2019 года. Па яе словах, у дзень забойства брат прадаваў сваёй будучай ахвяры ваду з калодзежа замест саляркі (але ці праўда гэта — невядома).
«Я была дома. Пайшла забіраць дачку з садка і раптам сустрэла брата. Ён цягнуў дзве каністры па 20 літраў, у якія набраў ваду з калодзежа. Пасля з тымі каністрамі Віця пайшоў да дзеда [94-гадовага Уладзіміра Гаркавага] — прадаў каністры дзеду, сказаў, што ў іх салярка. Дзед не глядзеў, забраў каністры і даў Віці грошы.
Пасля Віця зайшоў да нас. Разам з Віталікам яны пайшлі ў краму ў Лядна, там купілі віна 0,7, дзве гарэлкі і яшчэ цыгарэт, здаецца. Вярнуліся да нас і сядзелі на кухні, выпівалі. Выпілі віно і адну бутэльку гарэлкі. Затым сказалі мне, што пайшлі да суседа, ёсць тут адзін іх знаёмы. Ну пайшлі і пайшлі. А пасля яны раптам прыбеглі, кажуць: «Дзед гарыць!»
Я не зразумела. Што? Дзе? Які дзед гарыць?
І тут Віця пачаў здымаць штаны — зняў і ў печку іх кінуў.
Я зразумела, што штосьці тут не тое. Ад мужа і брата пахла дымам і яшчэ мне падалося, што на штанах Віці была кроў…
Але яны пераапрануліся, хлопнулі па шклянцы і пабеглі назад: нібыта дзеда тушыць. Віця нават сам выклікаў пажарных з майго тэлефона».
Калі яны вярнуліся, згадвае Надзея, у брата была парэзаная рука — пашкодзіў, калі дапамагаў «тушыць дзеда». Віктар пераночыў у сястры, раніцай паехаў у бальніцу. Віталь паехаў з ім.
Віталь Мяцеж.
«Пасля ўсё было ціха. Віталь на работу хадзіў, брат часам да нас заходзіў. А потым аднойчы прыехалі следчыя», — кажа Надзея.
Яна сцвярджае, што тады яна ўжо ведала, што здарылася з 94-гадовым пенсіянерам. Ёй усё расказаў муж.
«Неяк Віталь прыйшоў з працы і я кажу яму: з дзедам гэта ж ваша работа? Ну, ён мне і прызнаўся. Кажа, Віця біў дзеда бутэлькай з-пад шампанскага па галаве. А пасля нібыта ўзяў рамень у Віталіка і душыў ім дзеда.
А пазней Віця даведаўся, што я ўсё ведаю. Крычаў: яна ж нас можа здаць, бо будзе баяцца, што дзяцей забяруць! Сказаў: «І твой муж таксама са мной у турму пойдзе, бо і ён дзеда душыў! Я адзін сядзець не буду, усе будзеце сядзець!»
Віця сказаў мне, што на ім восем забойстваў. Якія восем, калі ён каго забіў — я не ведаю. Праўда, раней хадзілі чуткі, што наш бацька не сам памёр, а Віця яго задушыў. Доказаў няма, але многія лічылі, што брат там вінаваты.
Таксама Віця распавёў мне пра забойства ў Сухоўчыцах. Кажа, яно было сёмае, а вось гэтае забойства — восьмае».
Аказалася, што тыдзень таму Віктар ужо забіў чалавека. У Сухоўчыцах адбылася жахліва аднолькавая гісторыя: там ахвярай Віктара Скрундзіка таксама стаў пенсіянер. І таксама Скрундзік узяў у саўдзельнікі мужа сястры — толькі ўжо іншай, стрыечнай. Разам з 33-гадовым Валянцінам Бушніным яны забілі і абрабавалі 79-гадовага Міхаіла Шугалея.
«Мой ні ў чым не вінаваты!»
Валянцін Бушнін — сужыцель Ірыны, стрыечнай сястры Віктара Скрундзіка. «Наша Ніва» звязалася з жанчынай. Яна ўпэўненая, што Валянцін ні ў чым не вінаваты.
Валянцін Бушнін. У яго 9 класаў адукацыі і 6 судзімасцяў за крадзяжы. Першая — у 15 гадоў.
«Валянцін — мой грамадзянскі муж. Гадуем чацвярых дзяцей. Ён нармальны чалавек, усё, што адбылося — віна толькі майго брата Віктара Скрундзіка.
Віктар выйшаў у кастрычніку, прыехаў да нас у вёску. Мы з мужам і дзецьмі жывем цяпер у хаце, дзе ён вырас, даглядаем яго бабулю. Віця як выйшаў, дык адразу пагражаў хату нашу спаліць — яму не спадабалася, што я ў гэтай хаце жыву. Я выклікала міліцыю, але нічым гэта не скончылася, — кажа Ірына. — Віктар у гэтай жа хаце прапісаны. Таму жыў то ў нас, то ў сястры Надзеі.
Я Віцю перыядычна выганяла, бо ён піў. Добра, мой муж выпівае — гэта сямейная справа. Можа выпіць, можа не выпіць — гэта ўжо як я яму дазволю. А калі Віця пачынаў піць, то я яго выганяла».
14 студзеня, у дзень забойства ў Сухоўчыцах, Валянцін з Віктарам пілі ад самай раніцы. Ірыну гэта раззлавала.
«Я іх выгнала з хаты. Іх не было да самай ночы. Прыйшлі аб 11-й гадзіне вечара. Мой прыйшоў зусім ніякі, а Віця — цвярозы. Дзе яны былі, што рабілі — я не ведала і не ведаю, — кажа Ірына. — Пасля мой Валянцін паехаў у Гомельскую вобласць на заробкі, ён там лес валіў. А Віця на нейкі час прапаў».
Найхутчэй, якраз у гэты час Віктар Скрундзік і паспрабаваў забіць яшчэ аднаго чалавека. На гэты раз яго ахвярай стала 85-гадовая бабуля. Але жанчына змагла вырвацца, яна засталася жывая, а Скрундзік збег.
Старых палілі жыўцом
Жудасныя дэталі гісторыі паведамляе з залы суда партал Tut.by. 14 студзеня, пасля таго як Ірына выгнала іх з хаты, п’яныя Віктар Скрундзік і Валянцін Бушнін прыйшлі да знаёмага 79-гадовага пенсіянера Міхаіла Шугалея, які жыў у Сухоўчыцах, нібыта каб прадаць яму збожжа. Скрундзік ударыў мужчыну ў грудзі, а калі той упаў, накінуў яму на шыю загадзя падрыхтаваную вяроўку. Патрабавалі грошы. Калі пенсіянер перастаў супраціўляцца, яго дом падпалілі. Калі хата гарэла, мужчына, па дадзеных экспертызы, быў яшчэ жывы. «Таварышы» вынеслі з сабой 50 рублёў.
Праз тыдзень здарылася другое забойства, ва Ульянаўцы, калі Віктар Скрундзік і Віталь Мяцеж сп’яну наведалі 94-гадовага Уладзіміра Гаркавага. Яго душылі кабелем, вымагалі грошы. Забралі 100 рублёў, чатыры бутэлькі гарэлкі і бутэльку віна. Пасля пенсіянера вырашылі дабіць і зноў душылі, а калі ён перастаў супраціўляцца, падпалілі дом. Як вызначыць экспертыза, пенсіянер памёр ад атручвання чадам, гэта значыць на момант падпалу ён, як і папярэдняя ахвяра, яшчэ быў жывы.
31 студзеня Скрундзік вярнуўся ў Сухоўчыцы і прыйшоў да 85-гадовай мясцовай жанчыны, сказаў, што хоча купіць у яе самагонкі. Калі жанчына адчыніла дзверы, некалькі разоў ударыў яе ў грудзі, змусіў спусціцца ў падвал, дзе патрабаваў выдаць алкаголь. Там працягнуў збіваць жанчыну, пагражаў, што заб'е яе, патрабаваў выдаць яму 1000 рублёў. Таксама Віктар Скрундзік паспрабаваў вынесці з хаты 30 рублёў, бутэльку самаробнага віна і тэлевізар — але не ўдалося. Як заявіў на судзе пракурор, завяршыць злачынства Скрундзік не змог па незалежных ад яго абставінах: жанчына змагла вырвацца і ўцячы, неўзабаве ў дом зайшоў сусед, які напалохаў злачынцу, і той збег.
Віны ніхто не прызнае
Валянцін Бушнін з’ехаў на заробкі 27 студзеня. Там, у Гомельскай вобласці, яго і затрымалі, прыкладна праз два тыдні.
«Ён мне пазваніў, сказаў, што чакаюць візіт начальства. А замест начальства прыехала міліцыя, Валянціна ўзялі пад варту. У мяне істэрыка здарылася, як я даведалася», — кажа Ірына, сужыцелька Бушніна.
«Я бачылася з ім адзін раз за гэты год. Ён не вінаваты ні ў чым. Ён нікога не забіваў, ні да каго не дакранаўся. Усё рабіў Віця. Валянціна віна толькі, што не сказаў пра забойства».
Затрымалі і астатніх фігурантаў: Віталя Мяцежа і самога Віктара Скрундзіка.
«Прыйшлі з міліцыі, забралі мяне. У той жа дзень забралі і Віталя з працы. Гэта было 7 лютага. На той момант Віця ўжо быў пад вартай, але калі яго ўзялі, я не ведаю, — згадвае Надзея, жонка Мяцежа. — Я кажу следчым: вы наконт дзеда, так? Яны кажуць: ну вось, ты і сама ўсё ведаеш. Ну я і распавяла ўсю праўду.
З мужам за год я не бачылася, часу няма. То я хварэю, то дзеці хварэюць. Муж лісты піша, брат піша. Муж пісаў, што дарма мяне не паслухаў, дарма пайшоў з Віцем. Віця піша, што дурное нарабіў… Таксама муж пасылку прасіў, але якая тут пасылка — мне трэба дзяцей даглядаць. Забіваць не я ж яго адпраўляла.
Ці шкада мне мужа? Ды я ведала, што раней ці пазней іх з братам усё роўна забяруць».
Следства ішло амаль год. За гэты час не бачыліся з Віталем Мяцежам ні яго сястра, ні мама.
«Нам прапаноўвалі спатканне, але я не паехала, бо ў мяне дзіця малое. А ў мамы праца. Ніхто так і не паехаў у выніку да Віталя, — расказала «Нашай Ніве» яго сястра Таццяна. — Але Віталь піша лісты: што гэта ўсё надзіны брат, што сам ён не вінаваты».
Цяпер Віталю Мяцежу, Валянціну Бушніну і Віктару Скрундзіку пагражае расстрэл. Сваёй віны ніхто з іх не прызнаў.