Палякі сказалі, каго лічаць найлепшым прэзідэнтам у гісторыі

03.02.2020 / 11:36

Аднагодак Лукашэнкі Квасьнеўскі быў прэзідэнтам Польшчы з 1995 па 2005 год.

Напярэдадні майскай выбарчай кампаніі палякаў спыталі, каго яны лічаць найлепшым прэзідэнтам краіны. Апытанне праводзіла агенцтва SW Research для Рэчы Паспалітай.

Ад 1989 года ў Польшчы прэзідэнта абірае народ: кіраўнікамі краіны былі абраныя Лех Валенса, Аляксандр Квасьнеўскі, Лех Качыньскі, Браніслаў Камароўскі і Анджэй Дуда. Войцех Ярузэльскі быў абраны прэзідэнтам парламентам.

На пытанне, які прэзідэнт быў найлепшым прэзідэнтам у гісторыі Трэцяй Рэчы Паспалітай, 37,6% адказалі, што Аляксандр Квасьнеўскі (1995—2005).

24% рэспандэнтаў лічаць цяперашняга прэзідэнта краіны Анджэя Дуду найлепшым кіраўніком.

Лех Качыньскі атрымаў 16% падтрымкі, Лех Валенса 12,8%, Браніслаў Камароўскі 9,6%.

У міжваеннай Польшчы прэзідэнтамі былі Габрыэль Нарутовіч (праўда, усяго пяць дзён), Станіслаў Вайцяхоўскі і Ігнацый Масціцкі, але іх абіраў парламент.

Nashaniva.com