Намеснік начальніка Генштаба: Беларусь спрагназавала вайну ва Украіне за два гады да яе пачатку

06.02.2020 / 11:14

mil.by

Беларусь спрагназавала ваенны канфлікт у суседняй Украіне за два гады да пачатку падзей. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю выданню «СБ. Беларусь сегодня» намеснік начальніка Генштаба Узброеных сіл Павел Муравейка.

Ён распавёў, што план абароны Беларусі, зацверджаны прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам у канцы 2019 года, накіраваны не на класічную абарону, а на прадухіленне магчымай агрэсіі і вайны.

«Скажам, тыя падзеі, якія адбыліся ў суседняй Украіне, мы спрагназавалі і ацанілі за два гады да іх пачатку, — адзначыў Муравейка. — Ацаніўшы, адкуль можа зыходзіць пагроза, мы спрабуем мінімізаваць яе на ранняй стадыі».

Пры распрацоўцы плана абароны і канцэпцыі развіцця Узброеных сіл да 2030 года аналізавалася ваенна-палітычнае становішча вакол Беларусі і ў астатнім свеце, «поспехі і няўдачы ва ўзброеных канфліктах ва Украіне, Сірыі і іншых краінах».