У жонкі хакеіста зборнай Беларусі выявілі рак грудзей
18.02.2020 / 08:24
Жонка беларускага трэнера, экс-гульца нацыянальнай зборнай краіны па хакеі Дзмітрыя Мялешкі Надзея распавяла ў сваім інстаграме, што ёй дыягнаставалі рак грудзей.
«30 снежня 2019 года я намацала ўшчыльненне ў грудзях. Панікаваць не стала, бо тры месяцы таму была на УГД і ўсё было добра. Пасля НГ адразу ж пабегла правярацца.
8 студзеня я даведалася, што ў мяне рак грудзей. Трэцяя стадыя.
Чаму не было відаць на УГД? Я правяралася кожныя паўгода. Бо гэты від пухліны мае агрэсіўны, хуткі характар. Ён, гад, паспеў пракрасціся ў лімфавузлы.
Як я? Ужо нармальна. Па жыцці я аптыміст і заўсёды веру толькі ў лепшае! Настроена толькі на станоўчы вынік!
Наперадзе ў мяне цяжкі год барацьбы, і гэта частка майго жыцця, якую немагчыма схаваць. Я прайду гэты шлях і стану мацнейшай. Ваш выбар быць са мной або адпісацца, бо я зараз ужо не тая Надзя, у якой усё выдатна, і наўрад ці буду ранейшай. Але маё сэрца так жа напоўнена любоўю, няма ў мяне злосці і крыўды на жыццё, наадварот, я стала яго шанаваць яшчэ больш!!! Калі мне даслана такое выпрабаванне, значыць, я павінна яго прайсці.
Я буду жыць дзеля сваіх дзяцей, сваёй сям'і, блізкіх, родных, сяброў, яны, здаецца, перажываюць больш, чым я сама. Мае дзеці ўсё ведаюць, мы ніколі не падманвалі іх, гаворым як ёсць. Яны ведаюць, што мама выйдзе пераможцам: гэтая хвароба зараз добра лечыцца.
Мне не патрэбны жаль, а толькі вера і станоўчыя прыклады, людзі, якія прайшлі праз гэта і жывуць звычайным жыццём. Гэта вельмі натхняе», — напісала Надзея Мялешка у сваім Instagram.