Смерць ад каранавіруса: заслужаны артыст Беларусі Віктар Дашкевіч

31.03.2020 / 09:45

У Віцебску памёр заслужаны артыст Беларусі, акцёр тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч. У яго быў дыягнаставаны Covid-19, з 19 сакавіка ў яго было запаленне лёгкіх.

Гэтую горкую навіну «Нашай Ніве» паведаміла жонка артыста.

У яе таксама запаленне лёгкіх — але яна ізаляваная дома, дачка прыносіць ёй прадукты і пакідае пад дзвярыма.

Што адбываецца ў Віцебску? Інфармацыя ад уладаў скупая, людзей трывожаць шматлікія пнеўманіі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

У мужа і жонкі Дашкевічаў з Віцебска адначасова дыягнаставалі пнеўманію. Іх адправілі ў тубдыспансэр, «але там было перапоўнена. Таму мы адпрасіліся дадому, дактары далі нам антыбіётыкі і адпусцілі», — расказала «Нашай Ніве» спадарыня Дашкевіч.

Аднак хвароба не адступала, тэмпература расла, і пару зноў шпіталізавалі — ужо ў іншую ўстанову, таксама пераабсталяваную пад лячэння лёгачных захворванняў.

«Дома ў мужа паднялася тэмпература. Нас накіравалі ў скурвендыспансэр, які цяпер абсталявалі пад пульманалогію. Паклалі ў розныя палаты. Там узялі аналізы на каранавірус, але сказалі, што аналіз адмоўны», — працягвае спадарыня Дашкевіч.

24 сакавіка 75-гадоваму Віктару Дашкевічу, заслужанаму артысту Беларусі, стала горш, і яго перавялі ў яшчэ адну ўстанову, якая, трэба разумець, цяпер таксама вызначаная пад лячэнне лёгачнікаў, — у чыгуначную бальніцу.

Як вядома, Covid-19 выклікае ўскладненні ў выглядзе спачатку сухога кашлю, а пасля — пнеўманій, частка якіх працякае ў цяжкай форме.

Віктар Дашкевіч доўгі час знаходзіўся ў рэанімацыі, на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Сітуацыю ўскладняла тое, што ў яго была хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх. Як вядома, каранавірус найбольш небяспечны для людзей з хранічнымі хваробамі.

Няясна, чаму праз доўгі час пасля выяўлення пнеўманіі ў артыста Дашкевіча (і ягонай жонкі), ужо калі яны знаходзіліся ў бальніцы, тэст на каранавірус быў нібыта ў абаіх адмоўны, а пасля стаў станоўчы — толькі ў мужа, пасля таго як ягоны стан пагоршаў.

Незразумела таксама, чаму немаладую жанчыну з пнеўманіяй ужо праз пяць дзён пасля шпіталізацыі выпісалі дадому — прытым што ў гэты ж дзень у яе мужа пацвердзілі каранавірус. Звычайна курс лячэння пнеўманіі даўжэйшы. Да таго ж, калі каранавірус у мужа, а пнеўманія адначасова ўзнікла ў яго жонкі, то лагічна было б, каб у яе ўзялі паўторны аналіз і трымалі пад назіраннем.

«У мяне паўторны аналіз не бралі, сказалі ізалявацца і быць дома 14 дзён, — кажа спадарыня Дашкевіч. — Дачка мне носіць прадукты, пакідае іх у пад’ездзе».

Такія рацыянальныя меры перасцярогі сям'я прымае з улікам пагрозы заражэння.

Віцебскі тэатр імя Якуба Коласа адмяніў спектаклі. Па словах спадарыні Дашкевіч, сем артыстаў тэатра знаходзяцца ў бальніцы. У пяці з іх пнеўманія.

Усяго па стане на 30 сакавіка ўлады Беларусі заявілі пра 152 выяўленыя выпадкі каранавіруса. У адрозненне ад іншых краін у Беларусі не публікуецца афіцыйнай інфармацыі пра геаграфічную лакалізацыю выяўленых выпадкаў Covid-19, што дае падставу для розных чутак. Мінздароўя тлумачыць такі падыход нежаданнем правакаваць паніку.

Вядома пра выпадкі каранавіруса ў Мінску — на сталіцу, паводле звестак «Нашай Нівы», прыпадае прыкладна палова агульнай колькасці інфікаваных у краіне.

Акрамя таго, трывожныя весткі прыходзяць з Віцебска.

Пра адзінкавыя выпадкі ці невялікія кластары заражэння паведамлялася з Гродна, Гомеля, Лельчыцкага, Капыльскага, Іўеўскага, Лепельскага раёнаў.

У Віцебску зацверджаныя меры прафілактыкі — не строгія

«Прыехаў сын-дальнабойшчык, пасля Валю забралі ў бальніцу». Што адбываецца ў Доктаравічах на Капыльшчыне?

Выпадак каранавіруса выяўлены ў Лельчыцах

Nashaniva.com