«Спасіба, дзеда, за бяседу». Стась Карпаў адказвае Мукавозчыку
08.04.2020 / 19:39
Стась Карпаў.
Дарагушчы наш, любіменькі Андрэй Мукавозчык. Пішу вам, паколькі вы ўжо тыдзень ананімна пасецеся на маім фэйсбучыку, і калі я ўяўляю, як ваша чырвонае сухое вока трымціць вейкамі на тым канцы павуціны, мне хочацца яму перадаць прывецік.
Дык вось. У вас нейкая дзіўная звычка раз за разам страчыць мне пасланні, пачынаючы іх са словаў «показалі мне тут в фейсбуке одного».
Любому, хто са мной знаёміўся б штогод на такіх сур’ёзных шчах, я бы парэкамендаваў уважліва адсочваць сваё здароўе. Але ў вашым выпадку спішу ўсё на сціплы набор літаратурных прыёмаў.
І не падманвайцеся зваротам «на Вы» — гэта проста частка вывучанага эпісталярнага пратаколу, а не, крый божа, дэманстрацыя павагі.
Бачыце, калі я хачу напісаць нешта непрыемнае, — то не пачынаю, як вы, расшарквацца ў нясмелых кампліментах тыпу «піша зло… часам смешна і разумна» і не называю вас «юнашам», за што, дарэчы, асобны дзякуй, дзеда.
Не-не.
Я адразу абазначу, што вашы допісы наносяць мне эстэтычную траўму і кожны ваш тэкст я хацеў бы, як ваву, накрыць бінцікам.
Але справа не ў гэтым.
Справа ў тым, што вось вы такі важны і заслужаны чалавек? Вы нават называеце сябе журналістам, а гэта вялікі аванс для аглядальніка сацсетак. І вы ўвесь час прызначаеце сабе месца ў авангардзе змагання паміж «вамі» і «намі». Ну дык у мяне пытанне.
Андрэй Мукавозчык. фота «Настаўніцкай газеты»
Як вам там падаецца — у авангардзе — у чым прычына вашай інтэлектуальнай залежнасці ад «нас». Такой — на мяжы з бездапаможнасцю.
Чаму для таго, каб нешта сказаць самому, вам так адчайна патрабуецца нейкі «свядомы»?
У вас жа, здавалася, ёсць Лукашэнка. Цэлы. Генератар сэнсаў і некралогаў. Пра астатніх я нават і не кажу. Але ён не дапамагае вам жыць і тварыць.
Пакуль не выкажацца Дынько, Сандрас, Чалы, Лойка, Шрайбман, Золатава і г.д., — вы ж, прабачце, ну… князь цішыні?
І толькі паслухаўшы, пачытаўшы каго-небудзь «аднаго з фэйсбука», вы вывальваецеся ў «саўбелку» не надта жвавым і не надта галодным кракадзільчыкам, вытрасаючы з партфеля ўвесь свой нафталін у выглядзе трафейных канцылярызмаў і падслуханых жартаў тых вясёлых і кемлівых, якіх у прафесійным сэнсе вы за два прысесты некалі грохнулі эфектыўней за COVID-19. Даруйце, міма КВЗ я проста не мог прайсці, бо ўменне прасіраць непрасіраемае — гэта такая суперсіла, што першы беларускі комікс павінен быць пра вас.
А нядаўна вы нават уступілі ў суворую і, канечне, завочную, зарубу з «девушкой із Мозыря». Вы ж так і напісалі, што жыве ў Мінску дзевушка із Мазыра. А ў яе і імя ёсць, дарэчы, і прозвішча. Віка Аляксандрава. І зусім не страшна яе называць.
І ў чым, дарэчы, праблема жыць у Мазыры і пераехаць у Мінск? Чаму вас гэта так усхвалявала?
Вы вось з Новасібірска прыцягнуліся і нават назвалі мяне сельскім літаратарам, што асабліва смешна чуць з сібірскіх сталіц, дзякуй.
Дык вось скажыце, унутры вашай галавы ёсць нейкая думка, якая ўзнікае самастойна, бо там адбываецца ўсялякая складаная нервовая дзейнасць? Ці калі я прыкладу сваё вуха да вашага гарачага лоба, то пачую гук акіяна — як з ракавінкі?
Вы маглі б мне сказаць, што мы з вамі — сімбіёнты. І творча суіснуем пры ўзаемадапамозе. Але гэта, напэўна, таму, што вы не ведаеце, хто такія паразіты. Сімбіёнт — гэта вусаногі рачок. Ён крыху абгрызае якога-небудзь мілаху-кіта, але дапамагае яму захоўваць гігіену.
А вось гліст, разумееце, ён нікому не дапамагае. І ніхто яму ў жыцці не скажа дзякуй. Вось як.
Вы думку неглыбокую падсякаеце маю?
Глядзіце.
Не так даўно я прапаноўваў нашым слугам народа даказаць Лукашэнкаву тэзу аб тым, што баяцца вірусаў не варта, і максімальна поўным складам паехаць у Віцебск, дзе хаатычна перамяшчацца туды-сюды, ігнаруючы усе магчымыя правілы гігіены.
«А калі вас праз месяцок адпяюць — пісаў я, спадзеючыся, што вірус не падкачае, — мы зможам вам паставіць хаця б прыстойны помнік у стылі сацрэалізму і падпісаць яго якой-небудзь трапнай цытатай з Дарвіна».
Ваша баявая машына Мукавозчыка тады зноў са скрыпам выйшла на сцяжыну вайны.
І пачала яна расказваць пра тое, чаго хочуць «люді карповского тіпа», «свядомыя», «незавісімые».
Тут я зраблю адступленне, бо пасля забуду.
Скажыце, адкуль гэтая нянавісць да беларускай мовы? Не тое, каб перажываў, проста пацвердзіце дакладнасць вобраза ўнутры маёй галавы: на вас у дзяцінстве падаў трохтомны слоўнік Крапівы? Ці вам не дасталося беларускіх каўбас па дарозе з Новасібірска?
І яшчэ. Вы палову словаў у сваіх тэкстах памяшчаеце ў двукоссі, намякаючы на тое, што кагосьці цытуеце. Скажыце, вы цытуеце свой унутраны голас ці цытаваны знаходзіцца ў вашым асабістым рабстве? Калі так, то ён падае прыкметы эмацыйнага выгарання.
Ладна. Вяртаемся да людзей карпаўскага тыпу.
Вы вось упэўнены, што ведаеце, чаго «мы» хочам. Ну, там, у Еўропу, як вы сказалі.
І вы ўпэўнены, чым «мы адрозніваемся ад вас».
Я працытую: «Мы с ними, «свядомымi», расходимся не в вопросах демократии. Не в организации процесса выборов. Не в списках политических друзей. Вот в чем: нам (мне и, уверен, вам) их жалко. Им нас — нет. И в критические моменты это вылезает наружу, нужно помнить».
І вось гэта сапраўды цікавая тэма. Па-першае, так. Любая істота без свядомасці вельмі моцна адрозніваецца ад свядомай, але шкадавання без свядомасці не ўзнікае ні ў якім выпадку.
Па-другое, калі ласка, выступіце з публічнай заявай, што вы з намі не расходзіцеся ў пытанні арганізацыі выбараў. Вельмі хачу ўбачыць вас на біржы працы.
Ну і па-трэцяе, розныя «з нас» у свой час шкадавалі і ўсялякіх рэгнумаўцаў, і жонак забудоўцаў Курапатаў, і адкрывальнікаў барбершопаў «Чэкіст», і наш МЗС агульна і паіменна, і нават тых амапаўцаў, якія аб нас жа ламалі палачкі. Мы такія розныя і ўвесь час кагосьці шкадуем.
І ўвесь час самі сабе паўтараем: нельга цкаваць, нельга цкаваць…
А вось вы… Я бачыў, як вы шкадавалі Золатаву ці збітых мітынгоўцаў. Я бачыў і памятаю.
Таму хачу сказаць, што параўнанне з кракадзільчыкам было не зусім дакладным: вы не толькі не ўмееце шкадаваць, вы нават не навучыліся пускаць слязу.
І ў мяне ёсць іншая метафара. Паколькі ваш жанр — бессвядомае паразітаванне, найлепшы прыклад, якія я магу знайсці, — гэта плоскі чарвяк. Прыклад асабліва каштоўны тым, што гэтыя чарвякі адносяцца да першаснаротых, то-бок яны — такія арганізмы, чый рот у працэсе развіцця спалучае функцыі анальнай адтуліны. Разумееце? Рот — анальная адтуліна. Не кожнаму шанцуе знайсці такі дыямант у параўнаннях.
Чарвякі, як вы ведаеце, не маюць хорды. І калі я чытаю ваша: «Интеллигенция — обслуживающий элемент, не общественный класс, — сказал Иосиф Виссарионович Сталин, беседуя с Лионом Арон-Мейеровичем Фейхтвангером», я пачынаю вас разумець яшчэ лепей.
Ваша місія — проста стаць у правільную прэйскурантную пазіцыю, тым болей што прыродная гнуткасць дазваляе разнастайнасць варыянтаў.
Учора ваш гарант казаў, што віруса няма і ў вас яго не было. Вы махалі кулаком, бо віруса няма. Заўтра ён скажа, што мы ўсе памром — і вы будзеце тым жа кулаком пагражаць бесклапотным адмаўляльнікам каранціну.
Уявіць сабе такую форму цела і свядомасці, якую бы вы не маглі прыняць, — проста немагчыма. Такой формы ў прыродзе не існуе.
І на глебе футуралогіі вас перамагаць не цяжка. Бо замест нейкай невядомай нашай Беларусі будучыні, куды прасцей і прадметней абмяркоўваць Беларусь сучаснасці. Той, якой вы дабіваліся.
Наша сённяшняя краіна — гэта дзяржава-жабрак, якая хлусіць усім і заўсёды. І нават не таму, што хоча, а проста таму, што ёй танней пахаваць сотню чалавек, чым пашыць мільён капеечных масак.
Гэта дзяржава з сур’ёзным тварам абмяркоўвае магчымасць здачы суверэнітэту за бясплатную нафту.
Гэта дзяржава, у якой нельга атрымаць апраўдальны прысуд, і дзе суддзяў прызначаюць тыя, каго варта было б судзіць разоў трыста.
Гэта краіна, дзе сярэдняя пенсія — гэта 6 даляраў на дзень, а пражытачны мінімум — 3 даляры.
Гэта краіна, дзе статыстычна сярод пасажыраў аўтобуса двое будуць мянтамі, і ў якой пры гэтым доктар атрымлівае даляраў 300.
Гэта краіна, у якой дазваляюць сабе публічна заклікаць «адкручваць галовы» чужым дзецям, вырываць крыжы на месцы расстрэлаў і прызнавацца ў загадах аб пазасудовых забойствах і падтасоўцы выбараў.
Гэта краіна, дзе на нацыянальнай мове тытульнага народа няма ніводнага ўніверсітэта.
Гэта краіна, дзе лічыцца, што мяжа мараў грамадзян — «тваражок і мяса на святы».
Гэта краіна, дзе ў цэрквах прытуляюць фашыстаў і з маленства трэніруюць будучых інтэрвентаў.
Гэта краіна, дзе забіралі ў турмы за апладысменты.
Гэта краіна, дзе прэзідэнт заклікае лячыцца дымам, лазняй, гарэлкай, хакеем і козачкамі.
Чым ён, дарэчы, адрозніваецца ад прэзідэнта Гамбіі, які лячыў сваіх грамадзянаў чытаннем Карана і ўціраннем зялёнай мазі? Не хочаце накатаць выкрывальны тэкст у «саўбелачку», лыцар вы мой без страху і папроку?
Карацей, ладна, дарагі наш небясплатны сталініст Мукавозчык.
Мне глыбока напляваць, ці зразумелі вы, чым першаснаротыя адрозніваюцца ад другаснаротых, хрыбетныя ад бесхрыбетных і сімбіёнты ад паразітаў.
Мне цікава, вы зразумелі чым «мы» адрозніваемся ад «вас»?