У Свята-Елізавецінскім манастыры першая смерць ад каранавіруса
04.05.2020 / 18:02
У шпіталі памерла манахіня Марыя (Кавальчук) са Свята-Елізавецінскага манастыра. Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў прэс-сакратар БПЦ Сяргей Лепін.
Манахіня Марыя (Кавальчук). Фота з facebook.com.
«Яна была ўжо ва ўзросце. Дакладны дыягназ пытайцеся ў яе сям’і — у манастыры», — сказаў Сяргей Лепін.
83-гадовая Марыя (Кавальчук) жыла на манастырскім падворку. Адказвала за гатоўку. На сайце манастыра пісалі пра яе смачныя піражкі з капустай, бульбай, абрыкосавым джэмам.
У манастыры пацвердзілі, што сястра Марыя сапраўды мела станоўчы вынік тэсту на каранавірус. Якая прычына смерці будзе пазначана ў дакументах, пакуль не ведаюць.
Свята-Елізавецінскі манастыр на ўскрайку Мінска стаў адным з ачагоў распаўсюду каранавіруса. На велікодную службу туды прыйшла вялікая колькасць людзей. Службы ў манастыры для прыхаджан не адмяняліся да 30 красавіка. Такой пазіцыі прытрымліваўся святар Андрэй Лемяшонак. У выніку многія сёстры, а таксама святары захварэлі на каранавірус.