Блогеру MozgOn і Пальчысу далі па 15 сутак

15.06.2020 / 12:22

Фота Надзеі Бужан

Сёння ў Мінску і Наваполацку працягваюцца суды над удзельнікамі пікетаў па зборы подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзідэнты, піша spring96.org.

Так, у судзе Савецкага раёна разглядалася справа youtube-блогера — Уладзіміра Цыгановіча (MozgON).

Так як у дадзены момант ён адбывае арышт, суд праходзіў праз Skype. Блогер абвінавачваўся ў тым, што ўдзельнічаў у акцыі каля Камароўкі 31 мая. Па словах сведкі, Цыгановіч нібыта «выкрыкваў лозунгі, праяўляў непавагу да ўладаў», а таксама крычаў «Жыве Беларусь!» і «Свабоду Ціханоўскаму!».

У выніку суддзя прыняла рашэнне пакараць блогера новымі 15 суткамі арышту.

У судзе Кастрычніцкага раёна разглядаецца справа ў дачыненні да блогера Эдуарда Пальчыса. Паведамляецца, што ён таксама асуджаны на 15 сутак

Атрымаў 15 сутак і блогер Мікалай Маслоўскі (суд Фрунзенскага раёна).

Таксама ў Мінску праходзяць дыстанцыйныя суды над Мікалаем Статкевічам, Максімам Вінярскім. Судзіць Статкевіча — суддзя суда Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль.

У Наваполацку Алену Радзькову пакаралі штрафам у 30 базавых велічынь (810 рублёў). Яе судзілі па пратаколе па арт. 23.34 КаАП за тое, што 28 мая яна ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні.

Nashaniva.com