Беларускі блогер-падарожнік Лёня Пашкоўскі: Мы гатовыя стаць грамадзянамі прагрэсіўнага грамадства, а не беднай афрыканскай дыктатуры
21.06.2020 / 12:09
Леанід Пашкоўскі. Фота са старонкі блогера ва Укантакце.
Аўтар папулярнага трэвэл-блога «Хачу дамоў» Лёня Пашкоўскі выказаўся ў інстаграме пра падзеі ў Беларусі, звязаныя з выбарамі.
«Больш за ўсё ў перадвыбарнай гісторыі 2020 мне падабаецца тое, што ўпершыню альтэрнатыўныя кандыдаты выкарыстоўваюць мозг, замест таго, каб эксплуатаваць абстрактныя рэвалюцыйныя лозунгі, мала каму блізкія са звычайнага народа. А нам вельмі патрэбна ўлада, якая ўмее карыстацца не паліцэйскімі дубінкамі, а мозгам.
Мяне вельмі натхняе тое, якімі спосабамі нам прапануюць змагацца з сістэмай — выключна законнымі. І гэта асабліва эфектна ў сітуацыі, калі беззаконне стала прэрагатывай улады. Я бачу клопат пра людзей у тым, што ў гэты раз нас не заклікаюць выходзіць на вуліцы, не робяць Плошчу першым пунктам сваёй перадвыбарнай праграмы, тлумачаць, што не варта адбіваць людзей, якіх затрымліваюць, у ганебных рабоў у грамадзянскім, каб не зарабіць сабе «крыміналку».
Нам упершыню паказалі, што мы можам набраць крытычную масу не ў выглядзе натоўпу, які гарлапаніць, а ў выглядзе актыўнай супольнасці, у якой кожны можа зрабіць свой абсалютна законны ўклад ва ўзлом сістэмы знутры. Нам нарэшце тлумачаць: для таго, каб змяніць стан рэчаў, зусім не трэба станавіцца рэвалюцыянерам ці, не дай бог, змагаром.
Таму і трэба падтрымліваць ініцыятыву па правядзенні рэферэндуму аб змене канстытуцыі. Так, рашэнне аб яго правядзенні ўсё роўна будзе прымаць дзейны прэзідэнт, і надзеі на хэпі энд мала. Але гэта, у першую чаргу, яшчэ адзін прыгожы спосаб паказаць уладзе, што мы не тупы народзец, згодны вечна харчавацца адпіскамі. Што мы, у адрозненне ад прэзідэнта, усе гэтыя гады развіваліся, раслі, разумнелі і гатовыя стаць грамадзянамі прагрэсіўнага і справядлівага грамадства, а не маленькай, беднай афрыканскай дыктатуры пасярод Еўропы.
Таму самае карыснае, што можна зараз зрабіць, гэта ўступіць у ініцыятыўную групу для правядзення рэферэндуму. Гэта не так страшна і не так балюча, як выходзіць на плошчу. І, як можа апынуцца, значна больш эфектыўна. Беларусы, вы крутыя!» — напісаў Лёня Пашкоўскі ў інстаграме.
Лёня Пашкоўскі — беларускі трэвэл-блогер, відэа з экзатычных месцаў свету на яго канале «Хачу дамоў» збіраюць мільёны праглядаў. На акаўнт блогера ў інстаграме падпісана больш за 40 тысяч чалавек.