Супрацоўнікі ДФР прыехалі ў сховішча, дзе знаходзяцца карціны з калекцыі Белгазпрамбанка

29.06.2020 / 15:00

Фота Вадзіма Заміроўскага

29 чэрвеня да галерэі «Арт-Беларусь» прыехалі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК, піша Tut.by.

Тры гады таму галерэя «Арт-Беларусь» адкрылася ў будынку Палаца мастацтва на мінскай вуліцы Казлова.

На ім усё яшчэ вісяць рэкламныя расцяжкі, з якіх глядзяць працы Марка Шагала, Леона Бакста, Хаіма Суціна, Шрагі Царфіна і іншых сусветна вядомых беларускіх мастакоў. Да 12 чэрвеня яны ўваходзілі ў прыватную калекцыю Белгазпрамбанка, якая ў 2017 годзе стала публічнай — убачыць яе мог любы ахвотны за невялікую плату. Цяпер карціны далучаныя да крымінальнай справы. Замест іх на сценах галерэі вісяць пустыя рамы і QR-коды.

Канфіскацыя карцін, паводле інфармацыі TUT.BY была запланавана на 14.30 панядзелка — у дзень, калі галерэя не працуе, а такім чынам, у ёй няма наведвальнікаў.

На зачыненых дзвярах вісіць рэпрадукцыя карціны «Ева» Хаіма Суціна, пад ёй — два хэштэгі: #вместесЕвой і #разамзЕвай. На паліцах крамы пры галерэі ляжаць налепкі — таксама з Евай.

У 14.27 да Палаца пад'ехаў чорны Мэрсэдэс і чатыры супрацоўнікі ДФР у ім. Трое з прайшлі ў галерэю.

Nashaniva.com