Рэстаратар Вадзім Пракоп'еў прадаў свае ўстановы і з'язджае з Беларусі
06.07.2020 / 19:01
Рэстаратар Вадзім Пракоп'еў прадаў свае долі ва ўсіх беларускіх установах і з'язджае ў Сінгапур, каб там адкрыць бар. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю relax.by.
— Я заўсёды хацеў трапіць у англамоўнае асяроддзе. Сінгапур мне падабаецца ўсім, акрамя клімату: занадта высокая вільготнасць. Але там надзвычайна цікавы рынак! — сказаў рэстаратар.
Ён адзначыў, што колькасць мільянераў на квадратны сантыметр у Сінгапуры зашкальвае. Гэта адзін з самых «тлустых» гарадоў свету. Там ёсць топавыя гатэлі, рэстараны з дзвюма і трыма зоркамі Мішлен. У той жа час бізнэсмен лічыць, што зможа там рэалізавацца.
Пракоп'еў растлумачыў, што для рэалізацыі свайго праекта яму ўдалося знайсці добрых партнёраў, і адзін з іх — беларус. Сінгапурскі бар Пракоп'ева па атмасферы будзе падобны да Pelican.