Фігуранта «справы Ціханоўскага» Арцёма Сакава змясцілі ў карцар. Прычына тая ж — павуцінне ў куце камеры

07.07.2020 / 13:05

Аператара «Краіны для жыцця», фігуранта справы па ч. 1 арт. 342 КК Арцёма Сакава, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА-1 у Мінску, змясцілі на пяць дзён у карцар, а таксама яму прысудзілі новыя «суткі» адміністрацыйнага арышту, паведамляе spring96.org.

Як паведамілі «Вясне» сваякі палітвязня Сакава, прычына змяшчэння ў карцар — павуціна ў куце камеры. Раней за такое ж парушэнне працягнулі тэрмін знаходжання ў карцары на сем дзён блогеру Сяргею Ціханоўскаму. 

Акрамя таго, стала вядома, што 29 чэрвеня ў Кармянскім раённым судзе (Арцём родам з Кармы, Гомельская вобласць) разглядалася адміністрацыйная справа ў адносінах да Сакава па артыкуле 23.34 КаАП (Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Яго судзілі за тое, што ён нібыта ўдзельнічаў трэцяга траўня ў мітынгу ў Мазыры — у той дзень Сяргей Ціханоўскі рабіў рэпартаж пра мясцовы дом-інтэрнат, які ўлады хацелі зачыніць. І хоць насамрэч у той момант Сакаў знаходзіўся ў іншым месцы ў горадзе, гэта не перашкодзіла суддзі прысудзіць яму 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Пра гэты суд сваякі Арцёма даведаліся постфактум, і таму ніхто з іх не змог туды патрапіць. Вядома, што палітвязень з дапамогай адваката будзе абскарджваць гэтае рашэнне.

Таксама, па словах маці Арцёма Сакава, на яго складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Жлобіне 8 красавіка, калі Ціханоўскі браў інтэрв’ю ў мясцовых жыхароў.

Нагадаем, што 2 ліпеня Арцём Сакаў праз відэасувязь у Гродне быў асуджаны на 5 сутак арышту па артыкуле аб дробным хуліганстве (17.1 КаАП). Па паказаннях сведкаў-амапаўцаў, якія затрымлівалі Сакава 31 траўня, той нібыта лаяўся матам, але падрабязнасці сведкі згадаць не змаглі. Таксама адміністрацыйныя арышты памерам ад 5 да 15 сутак атрымалі ўсе фігуранты «справы Ціханоўскага», затрыманыя пасля інцыдэнту ў Гродне.