На Данбасе баевікі забілі ваеннага медыка-беларуса, які дапамагаў параненаму

15.07.2020 / 16:50

Трагедыя здарылася 13 ліпеня каля мястэчка Зайцава ў Данецкай вобласці Украіны. У той самы дзень у мястэчку загінуў украінскі вайсковец, які падарваўся на міне.

Для эвакуацыі забітага ўкраінскі бок папрасіў у «ДНР» рэжым цішыні і атрымаў згоду. Эвакуацыйная група была ў апазнавальных белых касках, аднак калі яны наблізіліся да цела байца, пачаўся абстрэл. Адзін з вайскоўцаў атрымаў раненне, і тут да яго пабег медык. У гэты час баевікі сталі выкарыстоўваць гранатамёты і кулямёты. У выніку абстрэлу медык загінуў.

Мікола Ільін. Фота facebook.com.

Імя загінулага — Мікола Ільін. Ён беларус, родам з Магілёва. Быў сябрам «Зубра».

«Мікола быў актыўным чалавек, прагнуў змен у Беларусі. Разам з ім мы былі на Плошчы-2006, яго тады збілі. Меў у нас мянушку «Фронт». Ён сябраваў ужо з таксама нябожчыцай Хрысцінай Шацікавай, яны любілі яркія акцыі, напрыклад, прымацаваць расцяжку на самым высокім будынку Магілёва. Гэта быў вельмі шчыры хлопец, у мяне сапраўдны шок», — расказвае праваабаронца Андрэй Палуда, які ў той час узначальваў магілёўскі «Зубр».

Ільін сапраўды штодня стаяў на Плошчы 2006 года. Яго спрабавалі затрымаць, калі Мікола разам з сябрамі імкнуўся прывезці на Кастрычніцкую біятуалет. Хлопца ўдарылі па галаве, ён страціў прытомнасць.

Можна сказаць, што проста з бальніцы Мікола Ільін спачатку з’ехаў ва Украіну, а адтуль яму дапамаглі пераехаць у Эстонію, дзе хлопец атрымаў стыпендыю Фонда адкрытай Эстоніі.

У Таліне Ільін працаваў экскурсаводам. Вывучыў англійскую, эстонскую, польскую мовы. Даводзілася яму папрацаваць і таксістам, і грузчыкам, ездзіў на заробкі ў Фінляндыю. Мікола не вяртаўся ў Беларусь праз магчымы пераслед за колішнюю палітычную дзейнасць.

У 2018 годзе Мікола Ільін запісаўся ў марскія пехацінцы. Пазамінулай зімой ён прайшоў чатырохмесячнае навучанне ў Цэнтры тактычнай медыцыны. Сябры згадваюць, што ён так марыў трапіць на тое навучанне, што нават паставіў ультыматум кіраўніцтву: альбо яго адпраўляюць на вучобу, альбо ён ідзе са службы.

У войску ён меў пазыўны «Эстонец». Тым не менш Ільін ніколі не аддаляўся ад беларускай рэчаіснасці. Гэта можна пабачыць па ягоных аватарках у сацыяльных сетках.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на смерць Ільіна: «Тут не можа быць двайной трактоўкі. Ёсць канкрэтнае наўмыснае злачынства — забойства. Усё гэта лішні раз даказвае, што вайна працягваецца».

Зміцер Панкавец