Член штаба Канапацкай прызнаўся, колькі подпісаў насамрэч сабралі на БелАЗе

19.07.2020 / 10:28

Былы член штаба кандыдаткі ў прэзідэнты Ганны Канапацкай расказаў карэспандэнту «Нашай Нівы» абставіны таго, як збіраліся подпісы ў яе падтрымку ў Жодзіне. Ён не называе сваё імя, але ў Рэдакцыі ёсць яго кантакты.

Ганна Канапацкая, фота Надзеі Бужан

«Я ўдзячная БелАЗу, які дазволіў збіраць подпісы ў іх. Я змагла сабраць там больш за 8 тысяч подпісаў…», — хвалілася экс-дэпутатка ў СМІ.

Член штаба пярэчыць: па яго словах на БелАЗе не ўдалося сабраць ўвогуле ніводнага подпісу, бо зборшчыкі зблыталі час.

«Гэта была субота. Хтосьці пайшоў спытаць на прадпрыемства, у колькі будуць рабочыя. Нам назвалі час канца змены — праз некалькі гадзін. Мы вырашылі не губляць час і паставіць пікет проста ў цэнтры Жодзіна. Там жа былі пікеты Ціханоўскай, Цапкалы і Бабарыкі.

Але калі трэба было ехаць на БелАЗ, Канапацкая кудысьці знікла. У выніку мы ўсё ж прыехалі на той БелАЗ, але прапусцілі тую хвалю, тыя 15 хвілін, калі выходзяць рабочыя. У выніку на самім прадпрыемствае мы не сабралі ніводнага подпісу», — прызнаецца актывіст.

Агулам жа штаб Канапацкай сабраў у Жодзіне 84 подпісы. 83 з іх былі залічаныя кандыдатцы.

АЯ