Ціханоўская на радыё: Няўжо прэзідэнт разлічвае, што, збіваючы людзей, кідаючы за краты, выпісваючы штрафы, можна прымусіць сябе любіць?

20.07.2020 / 08:37

Сёння Святлана Ціханоўская звярнулася да выбаршчыкаў на Першым канале Беларускага радыё.

«Мяне не прыцягвала ідэя будаваць кар'еру палітыка, мне 37 гадоў, у мяне двое дзяцей, — сказала Святлана. - Але год таму Сяргей Ціханоўскі стварыў праект «Краіна для жыцця», ездзіў па краіне, людзі сталі расказваць, чаму ім кепска жыць. І іх сталі кідаць у турмы. І калі Сяргея пазбавілі магчымасці быць кандыдатам, я вырашыла ісці ў прэзідэнты. Жонка павінна быць за мужа. Ніхто не спыніць жанчыну, якая абароніць сваю сям'ю, як і ніхто не спыніць народ, які абараняе сябе».

«Я нічога не буду абяцаць, ёсць іншыя людзі. Яны 26 год абяцаюць — годная пенсія, заробак па 500 — і нічога не робяць».

Мне не падабаецца, што людзям няма за што жыць, што яны цягнуць ад заробку да заробку, што выміраюць вёскі, у маленькіх гарадах застаюцца адны пенсіянеры, людзі паміраюць ад каранавіруса, а ўлада хавае рэальныя лічбы, чыноўнікі будуюць вялікія дамы і ездзяць на курорты пакуль мы ледзь дажываем да заробку», — кажа Ціханоўская.

Нас палохаюць бізнэсменамі, але самыя багатыя — чыноўнікі, адзначыла яна.

Я хачу, каб нашы дзеці мелі добрае жыццё, каб яны мелі права выбару, я хачу, каб нашу краіну паважалі ў свеце, каб мы шукалі сяброў, а не ворагаў, каб людзей не хапалі на вуліцах. Гэтым летам людзей сталі хапаць за тое, што яны стаялі ў чэргах, а потым тых, хто падаваў скаргі на нерэгістрацыю. Гэта абуральна. Няўжо дзейны прэзідэнт разлічвае, што, збіваючы людзей, кідаючы за краты, выпісваючы штрафы, можна прымусіць сябе любіць? Ён што, сапраўды думае, што гвалтам, хамствам і хлуснёй можна вырашыць праблемы ў эканоміцы, да якіх ён сам жа і прывёў краіну?», — заявіла Ціханоўская.

Няўжо ўлада разлічвае, што, кідаючы людзей за краты, прымусіць сябе любіць? — рытарычна пытае Ціханоўская. — Няўжо нахрапам, хамствам збіраецца вырашыць праблемы ў эканоміцы?

«Не прэзідэнт павінен нам указваць, як нам жыць і што рабіць. Прэзідэнт, дэпутаты - усяго толькі нашы прадстаўнікі, гэта мы павінны іх кантраляваць. Галоўная наша задача — дабіцца, каб у краіне так і было», — кажа яна.

«Галоўная мая задача — вярнуць людзям права голасу. Мы павінны абіраць і дэпутатаў, і прэзідэнта. Я прыйшла ў палітыку, каб правесці сумленныя сапраўдныя выбары. Галасуючы за мяне, вы галасуеце за права вярнуць сумленныя выбары.

«Чыноўнікі не жадаюць нас слухаць, бо мы іх не выбіраем, іх прызначае найвышэйшы чыноўнік», — патлумачыла яна. 

Яна заклікала ні ў якім разе не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні, а прыйсці на выбары 9 жніўня і «прагаласаваць за мяне, Святлану Ціханоўскую».

Ціханоўская сказала пра нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы. Аднаго пасадзілі, а ў другога выкінулі галасы ў сметніцу.

Пасля перамогі Ціханоўская збіраецца прыняць меры для захавання стабільнасці ў краіне і выдаць загад пра новыя сумленныя выбары. Зменіцца склад Цэнтравыбаркама, на кожным участку будуць празрыстыя урны, анлайн-трансляцыя. Прадстаўнікі любога кандыдата змогуць патрабаваць пераліку галасоў. Датэрміновае галасаванне застанецца толькі ў выключных выпадках. 

Усе кандыдаты атрымаюць роўныя магчымасці для агітацыі.

У пераходны перыяд, адзначыла яна, краінай будуць кіраваць тыя ж чыноўнікі, што і цяпер, за выключэннем тых, хто груба парушаў закон.

Адначасова з новымі выбарамі яна плануе правесці рэферэндум па вяртанні да Канстытуцыі 1994 года, якая скарачае паўнамоцтвы прэзідэнта.

Справы палітзняволеных будуць спыненыя, пройдзе амністыя па лёгкіх злачынствах і для «дзяцей 328», будуць кампенсаваныя «палітычныя» штрафы, прызначаныя новы генпракурор і старшыня Вярхоўнага суда — так Ціханоўская адзначыла змены ў прававой сферы.

Ціханоўская некалькі разоў паўтарыла, што краіна павінна належаць людзям, а міліцыя павінна бараніць народ, а не хапаць іх на вуліцах.

Каб аздаравіць эканоміку, яна збіраецца зняць бар'еры для малога і сярэдняга бізнэсу — «хай людзі самі ствараюць працоўныя месцы». Прыбытковыя прадпрыемствы будуць працаваць, з непрыбытковымі будуць «разбірацца прафесіяналы».

Ціханоўская сказала, што зверне ўвагу на дактароў, бо яны працуюць для нас. 

«Настаўнікаў трэба вызваліць ад усяго, што не звязана з навучаннем дзяцей». І яны будуць атрымліваць дастойна. Універсітэты будуць самастойныя. Я адмяню закон Раўкова (калі забіраюць у войска, не даўшы працягнуць адукацыю)».

Казала кандыдат і пра замежную палітыку: «Незалежнасць — наша абсалютная каштоўнасць, і мы яе не прадаём. Нам трэба стварыць партнёрства на роўных і не залежаць ад нафтавай і газавай іголкі».

«Я люблю свайго мужа, таму працягнула яго справу, люблю дзяцей, хачу, каб яны раслі ў краіне, дзе людзям не затыкаюць ірты, люблю беларусаў, хачу даць ім права выбіраць» — адзначыла Ціханоўская.

Заўтра Святлана выступіць на тэлеканале «Беларусь-1» (17.00). 

Nashaniva.com