Пасол Беларусі ў Славакіі: Я салідарны з тымі, хто выйшаў на вуліцы беларускіх гарадоў

16.08.2020 / 07:40

Мяне завуць Ігар Аляксандравіч Ляшчэня.

Я звяртаюся да Вас не толькі як Пасол Беларусі ў Славаччыне.

Я звяртаюся да Вас у якасці найстарэйшага кіраўніка беларускай замежнай установы паводле досведу працы Паслом і адзінага дзейнага беларускага дыпламата, які працаваў у МЗС СССР і ў савецкім пасольстве за мяжой.

Як і ўсе беларусы, я — у шоку ад гісторый аб катаваннях і збіцці грамадзян маёй краіны. На Тут.бай у адной з фатаграфіяў месіва з сінякоў і кровападцёкаў мы апазналі аднакласніка маёй дачкі, які дакладна ніколі не лічыўся бунтаўніком!

На жаль, для гэтага былі перадумовы.

15 гадоў таму ў нас была адкрытая «Лінія Сталіна». І гаворка ішла не толькі пра подзвіг савецкага народа. Не менш важная прычына — імя Сталіна ў назве. Затым з'явіўся міністр унутраных справаў, якому форма афіцэра сталінскага НКВД нагадвала не пра мясарубку 1937 года і не пра ГУЛАГ, а пра Дзень Перамогі. А цяпер сотні маіх суайчыннікаў адчулі на сабе, што шэраг прадстаўнікоў праваахоўных органаў у поўнай меры адрадзілі традыцыі НКВД у талерантнай еўрапейскай Беларусі ХХІ стагоддзя!

МЗС, прадстаўнікі якога абараняюць інтарэсы Беларусі за мяжой, часта прыраўноўваюць да сілавых ведамстваў. Сілавікі імкнуцца не дапусціць умяшання ва ўнутраныя справы краіны звонку.

Але я дакладна ведаю, што ключавымі складнікамі згуртаванай, моцнай і незалежнай ад вонкавых уплываў дзяржавы ёсць павага да волі народу, яго мовы, гісторыі і культуры.

У Славакіі я прадстаўляю Беларусь і беларускі народ, які ў адпаведнасці з Канстытуцыяй ёсць адзінай крыніцай улады ў нашай краіне.

Я салідарны з тымі, хто выйшаў на вуліцы беларускіх гарадоў з мірнымі шэсцямі, каб іх голас быў пачуты. Як ураджэнец горада Жодзіна я — з Вамі рабочыя «БелАЗа» і «Кавальскага заводу цяжкіх штамповак»!

Я шчыра спадзяюся, што будучыня маёй краіны будзе заснаваная на ўліку пазіцый усіх пластоў грамадства і прадстаўнікоў розных палітычных сілаў.

Беларусы выпакутавалі гэтае права!

Nashaniva.com