Каардынацыйная рада аб'яднала памяркоўныя колы, у яе не ўвайшлі радыкалы — каментар Рэдакцыі
19.08.2020 / 16:57
Каардынацыйная рада пры Ціханоўскай сабрала аўтарытэтных прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Бізнэс, саюзы ветэранаў сілавых структур і прадпрыемствы ў большасці на гэтым этапе пабаяліся дэлегаваць туды сваіх людзей, асабліва пасля ўчорашніх пагроз Лукашэнкі.
Тым не менш, утварылася прадстаўнічая структура, якая можа гаварыць з уладамі ад імя грамадства.
Звяртае ўвагу той факт, што ў Каардынацыйную раду не ўвайшлі прадстаўнікі радыкальнага крыла апазіцыі. Многіх з іх адсёк фармальны крытэр — членамі Рады могуць быць толькі асобы, якія цяпер у Беларусі, а, напрыклад экс-кандыдат у прэзідэнты Саннікаў знаходзіцца ў эміграцыі. Іншыя лідары (Ціханоўскі, Бабарыка, Статкевіч) застаюцца ў турме.
Што да членаў Прэзідыума КР, то:
Латушка мае вопыт дыпламатычны і дзяржслужбы,
Дылеўскі будзе голасам рабочых,
за Калеснікавай і Знакам стаіць Аб'яднаны штаб з яго заслугамі ў арганізацыі эфектыўнай перадвыбарнай кампаніі,
Кавалькова мае давер Ціханоўскай, вопыт дзяржслужбы і сувязь з апазіцыйнымі партыямі,
Алексіевіч надае КР маральны аўтарытэт і міжнародныя сувязі.
Пра Уласаву мы напішам асобна пазней.