Галоўны дырыжор пайшоў з Опернага праз два дні пасля прызначэння. Салідарнасць з Купалаўскім і Латушкам

26.08.2020 / 19:14

24 жніўня Вячаслаў Чарнуха-Воліч прызначаны галоўным дырыжорам Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі. Але ўжо сёння, 26 жніўня, ён пакінуў сваю пасаду. Інфармацыю пра гэта маэстра пацвердзіў Tut.by.

Вячаслаў Воліч. Фота: Tut.by.

— Я напісаў заяву па стане здароўя. Я не магу выконваць свае абавязкі. У мяне кавідная двухбаковая пнеўманія. Лячэнне ідзе не так хутка, як мне хацелася. І мы прыйшлі да такога пагаднення. Гэта адзінае, што магу вам пракаментаваць, — заявіў Вячаслаў Іванавіч.

Як паведамілі парталу некалькі супрацоўнікаў тэатра, сыход Чарнухі-Воліча ніяк не звязаны са станам яго здароўя.

Паводле інфармацыі Tut.by, сыход дырыжора звязаны з калектыўным лістом, які супрацоўнікі Опернага тэатра напісалі ў падтрымку Купалаўскага тэатра. На гэты момант пад ім сабралі ўжо больш за 300 подпісаў.