Кавалькова: Калі ўлада думае, што Каардынацыйная рада рэгулюе пратэсты, яна памыляецца
07.09.2020 / 16:20
Фота Надзеі Бужан
Пра гэта чалец прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова заявіла на прэс-канферэнцыі ў Bаршаве, піша Tut.by.
«Калі ўлада думае, што члены Каардынацыйнай рады ініцыююць нейкія масавыя пратэсты, то яна памыляецца. Беларускі народ пасля 9 жніўня адчуў прыніжэнне, калі яму агучылі гэтыя 80%, і ён сёння выходзіць не таму, што хтосьці кудысьці запрашае, а таму, што ён адчувае, што яго правы ўжо шмат гадоў нікому не патрэбныя ў Беларусі, тым больш уладзе, якая павінна прадстаўляць яго цікавасць», — заявіла Вольга Кавалькова.
Нагадаем, што раніцай 7 верасня невядомыя ў цэнтры Мінска затрымалі чальца КР Марыю Калеснікаву. Таксама на сувязь перасталі выходзіць прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў.
Чалец прэзідыума Каардынацыйнай рады Павел Латушка з'ехаў за мяжу, а Вольга Кавалькова, якая адбывала адміністрацыйны арышт у ЦІП на Акрэсціна, у суботу апынулася ў Польшчы. Яна сказала, што не планавала з'язджаць з Беларусі, а яе вывезлі з Акрэсціна (там яна адбыла трое сутак з 15) і адвезлі на памежны пункт «Брузгі».