Памёр вядомы архівіст і гісторык Уладзімір Адамушка
10.09.2020 / 17:49
Сёння пайшоў з жыцця вядомы гісторык і архівіст Уладзімір Адамушка.
Нарадзіўся навуковец 1 студзеня 1952 года ў вёсцы Падгайне Карэліцкага раёна ў сям'і вясковых настаўнікаў. Адвучыўся на філалагічным факультэце БДУ.
У перыяд з 2002 па 2006 гады займаў пасаду старшыні Камітэта па архівах і справаводстве пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. З 2006 па 2016 гады — дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2002). Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў (1986) і Францыска Скарыны (2007). Кандыдат гістарычных навук (1988).
Уладзімір Адамушка браў актыўны ўдзел у рабоце Беларускага рэспубліканскага фонду «Узаемаразуменне і прымірэнне», з'яўляўся прадстаўніком урада Рэспублікі Беларусь у Апякунскай радзе фонду ФРГ «Памяць, адказнасць і будучыня».
Уладзімір Іванавіч зрабіў вялікі ўнёсак у даследаванне праблемы вывазу грамадзянскага насельніцтва на прымусовыя работы ў Германію і рэпатрыяцыі пасля вайны. Ён з'яўляўся суаўтарам працы «Беларускія астарбайтары» (кн.1—3, 1996—1998).