У тэатры падчас антракту дзіцячага спектакля з'явіліся амапаўцы. Дырэктар патлумачыў, што яны там рабілі
01.10.2020 / 17:39
27 верасня ў Музычным тэатры адбыўся паказ ранішняга спектакля «Мэры Попінс». У антракце гледачы нечакана ўбачылі ў фае людзей у чорным. Іх фатаграфію апублікавала на сваёй старонцы ў фэйсбуку блогер, эксперт па культуры і этыкеце Аксана Зарэцкая, адзначае Tut.by.
На наступны дзень, 28 верасня, адзін з гледачоў пакінуў электронны зварот на сайце тэатра. 1 кастрычніка яму адказаў дырэктар тэатра Сяргей Пукіта (адказ ёсць у распараджэнні TUT.BY).
Як патлумачыў Пукіта, «людзі, апранутыя ў форму з апазнавальнымі знакамі, зайшлі ў памяшканне тэатра з мэтай скарыстацца грамадскай прыбіральняй».
Як удакладніў дырэктар калектыву, з боку людзей, якія ўвайшлі ў тэатр, «не здзейснялася дзеянняў, якія маглі нанесці шкоды жыццю і здароўю гледачоў».