Апазіцыя ўключыла ў свой санкцыйны спіс каля 800 чалавек
04.10.2020 / 21:21
Апазіцыя ўключыла ў свой санкцыйны спіс ужо 700-800 чалавек, адказных за гвалт у краіне. Пра гэта паведаміла ў нядзелю ў эфіры тэлеканала «Дождь» Ганна Красуліна — прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай.
Па словах Красулінай, на сустрэчах з прадстаўнікамі іншых краін Ціханоўская заўсёды кажа пра тое, чаго апазіцыя чакае ад еўрапейскіх лідараў і Еўрасаюза ў цэлым. «Мы чакаем, што яны будуць больш рашучыя ў тым, каб агучваць сваю пазіцыю, якая, як мы бачым, дастаткова кансалідаваная. Мы бачым, што Еўрапейскі саюз вызначыўся з санкцыямі, ён іх увёў. Мы разлічваем, што санкцыйны спіс будзе вельмі сур'ёзна расці», — падкрэсліла яна.
«У нас у спісе ўжо прыкладна 700-800 прозвішчаў. Гэта ўсе тыя, хто здзяйсняў гвалт у дачыненні да мірных грамадзян, хто аддаваў загады здзяйсняць гвалт, яны ўсе павінны будуць адказаць. У гэты ж спіс трапляюць тыя, хто фальшаваў выбары. Павінны быць прыняты санкцыі, пашыраны сур'ёзным чынам», — сказала Красуліна.