Фінберг: На вулічныя акцыі выходзяць бандыты. А сцяг у мяне адзін — чырвоны
21.10.2020 / 14:30
У Рэдакцыю «Нашай Нівы» напісалі супрацоўнікі Нацыянальнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Яны занепакоеныя тым, што, пачынаючы з 26 кастрычніка, на сцэне апусцелага Купалаўскага тэатра плануецца цэлы цыкл канцэртаў іх аркестра.
Многія артысты не хочуць выступаць у ролі штрэйкбрэхераў і граць на гэтай сцэне. Яны спадзяюцца, што кіраўніцтва аркестра адмовіцца ад выступаў.
«Наша Ніва» звярнулася да самога Фінберга, каб удакладніць, ці адбудуцца гэтыя выступы.
Міхаіл Фінберг, фота fest-sbv.by
Міхаіл Фінберг: Хто менавіта з супрацоўнікаў аркестра да вас звяртаўся? Я мастацкі кіраўнік і дырэктар аркестра. Хто да вас прыходзіў? Без майго ўзгаднення не можа быць ніякіх слоў у вашай газеце. Разумееце мяне? Мы маем ганаровыя званні, вышэйшую адукацыю, аспірантуру. Усё толькі праз маё прозвішча. Калі будуць памылкі — будзеце выпраўляць.
Я чалавек, які прадстаўляе дзяржаву. Я працую з Лукашэнкам, кажу вам самае галоўнае адразу. Я працую з маім прэзідэнтам сотні, дзясяткі гадоў. І працую штодзённа.
«НН»: Прычым тут Лукашэнка? Мы ж пра Купалаўскі тэатр.
МФ: Я не самастойны чалавек. Я чалавек, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савета. Я ніколі не хлусіў, я люблю сваю краіну і раблю ўсё магчымае, каб мая краіна была найлепшай у свеце. Усё, больш у мяне адказу няма.
«НН»: Дык вы граеце ў Купалаўскім ці не?
МФ: Пазваніце ў тэатр і запытайцеся там, у іх усе дакументы.
«НН»: Як вы ставіцеся да мітынгаў, што праходзяць ад жніўня ў краіне?
МФ: Гэта бандыты. Яны супраць нас. Я люблю сваю радзіму, мой тата прайшоў усю вайну, брат прайшоў усю вайну, сястра… Я служыў у арміі такую колькасць гадоў, што ўвесь мой аркестр столькі гадоў не служыў. Куды яны выходзяць? Трэба любіць сваю радзіму.
«НН»: Вы кажаце «бандыты», а ніводнай вітрыны не пабілі.
МФ: Я не працую следчым. Прыйдзіце да нас, раскажыце і паглядзім, што калектыў скажа,
ён ніколі не падтрымае гэтых бандытаў. У нас ёсць улада і ёсць прэзідэнт, і я яго паважаю. Я ўдзячны, што ён у нас ёсць, таму я спакойна прыходжу ў сваю кватэру, ёсць парадак.
«НН»: Сілавікі збівалі людзей, хіба гэта нармальна?
МФ: Я не бачыў такога. Вы мне такога не паказвалі. Я не магу паверыць, што тыя людзі, якія нас абараняюць, могуць рабіць нешта не так.
Я такога не ведаю. Не сутыкайце нас, я люблю сваю радзіму і буду любіць, я люблю ўсіх вас. Я прыехаў пасля Чарнобыльскай аварыі ў Мазыр, калі горад быў закрыты, першым прыехаў. І жанчына ўпала мне ў ногі: «Міхась Якаўлевіч, няўжо вы прыехалі сюды?» Так, прыехаў і буду выступаць. Я ўпаў прама на сцэне, бо было перавышэнне радыяцыі. Я люблю ўсіх людзей. І ніхто з маіх музыкаў не патрабаваў грошай — гэта найлепшыя людзі нашай краіны. Пішыце пра іх.
«НН»: А як вы ставіцеся да бел-чырвона-белага сцяга?
МФ: Я да сцягоў ніяк не стаўлюся, у мяне быў адзін сцяг — чырвоны. Разумееш?
Я праехаў усю Расію, пачынаў служыць ва Уладзівастоку. Што мне, родны мой, сказаць табе? Любі сваю радзіму. У нас цудоўныя людзі. Я не хачу плакаць у прысутнасці свайго калектыву. Будзе час — яшчэ пагаворым.
***
У Купалаўскім тэатры «НН» не далі адказу, ці адбудуцца канцэрты. У касах тэатра кажуць, што білетаў у продаж пакуль не паступала.
***