Дырыжор Галіна Казіміроўская застаецца на Акрэсціна, справу накіравалі на дапрацоўку

30.10.2020 / 14:44

Суд Савецкага раёна накіраваў на дапрацоўку ў міліцыю справу Галіны Казіміроўскай — кіраўніцы хору «Канкордыя», жонкі Змітра Вайцюшкевіча, піша Радыё Свабода.

Галіна знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Паводле адвакаткі, разгляд справы яшчэ не пачынаўся.

Галіну затрымалі 29 кастрычніка. «Я быў на канцэрце ля Глыбокага, мне патэлефанавалі а 17-й, што яе забралі з працы ў галерэі ў Астрашыцкім гарадку, пасадзілі ў міліцэйскую машыну», — распавёў Зміцер Вайцюшкевіч

У чым абвінавачваюць Галіну, пакуль невядома. Зміцер Вайцюшкевіч спадзяецца, што жонку павінны выпусціць як маці непаўналетніх дзяцей.

«Я не ведаю, у чым яна вінаватая. Цяпер у краіне цяжка ведаць прычыны, якія могуць быць».

Галіна Казіміроўская больш за дзесяць гадоў з'яўляецца дырыжорам аматарскага хору «Канкордыя«, удзельнічала ў выданні зборніка «Годныя песні».