Вакульчык і Барсукоў звольненыя са службы ў запас па ўзросце

03.11.2020 / 07:39

Сталі вядомыя падрабязнасці кадравых ракіровак, якія адбыліся 29 кастрычніка, калі былі прызначаныя новыя памочнікі Лукашэнкі. На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 3 кастрычніка апублікаваныя адпаведныя ўказы, піша tut.by.

Фота: president.gov.by

Генерал-лейтэнант Валерый Вакульчык указам вызвалены ад пасады дзяржсакратара Рады бяспекі краіны, у якой ён прабыў няпоўныя два месяцы. Вакульчык адкамандзіраваны ў КДБ, які ўзначальваў амаль 8 гадоў. Ва ўказе прэзідэнта сказана, што Вакульчык звольнены з ваеннай службы ў запас па ўзросце з правам нашэння ваеннай формы і знакаў адрознення. Вакульчыку прысвоены першы клас дзяржаўнага служачага. Нагадаем, ён прызначаны памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Брэсцкай вобласці.

Генерал-лейтэнант міліцыі Аляксандр Барсукоў указам вызвалены ад пасады намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі. Ён звольнены са службы ў органах унутраных спраў у запас па ўзросце з правам нашэння формы і знакаў адрознення. Яму таксама прысвоены першы клас дзяржаўнага служачага. Барсукоў стаў памочнікам па Мінску.

Генерал-лейтэнант міліцыі Юрый Караеў больш не з'яўляецца міністрам унутраных спраў, яго прыкамандзіравалі да Адміністрацыі прэзідэнта з пакіданнем у кадрах МУС. Караеў стаў памочнікам па Гродзенскай вобласці.

Nashaniva.com