Віталь Еўмянькоў. Перадача. Верш

05.11.2020 / 16:42

Не думаў,
Што так складана —
Цукеркі без фанцікаў,
Цыгарэты ў пакеціку,
Каўбасу нарэзаць дробна,
Хлеб таксама.
Шкарпэткі цёплыя,
Бо там зімна.
Запалкі нельга.
І не больш за 5 кілаграмаў,
Бо там не возьмуць.

Дзяўчаты — Марта, Лера, Насця, Крысціна —
Едзем туды на таксоўцы.
Дакладней, на дзвюх
У адну не ўлезлі.
Кіроўца кажа: трымайцеся,
Будзе хутка і страшна.
А я ў адказ:
Страшна ўжо было,
Зараз нам горка.
Едзем.

Спачатку міры,
Міма Дома саветаў,
Да аўтавакзала…
Нарэшце Крупская.
Марта ледзь не вывалілася
З таксоўкі.
Але норм.
Выйшлі.
Бацька Антона.
Кажа: Дзякуй,
Што не забыліся.
«Няма за што!
Мы ж усе людзі!»

Ідзём уздоўж белых
Муроў.
Глядзім на неба
Праз калючы дрот.
На сэрцы — коткі
З вастручымі
Кіпцюрамі.
Хутчэй адсюль!
Хутчэй адсюль!
Б’ецца сэрца.

Нарэшце дзверы.
Уваход па адным.
Крысціна
Схавалася ў сутарэнні.
Чакаем.
Вось так пачынаюць паліць
Шкада
Няма каньяку.
Зараз бы
Не пашкодзіў.

Узялі!
З пяці два кілаграмы.
Крысціна кажа,
Што
Дзякуй Богу
І за гэта.
Суд заўтра.
Вяртаемся.
Прыкра.

Nashaniva.com