Баскаву і Шакуту забаранілі ўезд у Латвію
16.11.2020 / 16:24
Людзі, якія арудавалі на «Плошчы Перамен» падчас забойства Рамана Бандарэнкі. Фота чытача Tut.by.
Кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў унесены ў спіс неўязных у Латвію. Такое рашэнне прыняў міністр замежных спраў краіны Эдгарс Рынкевічс.
Таксама ў спіс неўязных уключаны кікбаксёр Дзмітрый Шакута.
«На падставе пункта 2 артыкула 61 Закона аб іміграцыі я прыняў рашэнне аб уключэнні двух грамадзян Беларусі ў спіс асоб, непажаданых для Латвійскай Рэспублікі, усталяваўшы забарону на ўезд у Латвію на нявызначаны тэрмін. Цытата класіка: «Такі хакей нам не патрэбны!»
Разам з Літвой і Эстоніяй мы хутка пашырым «чорныя спісы», уключыўшы ў іх тых, хто працягвае жорстка душыць мірныя пратэсты ў Беларусі», — напісаў кіраўнік латвійскага МЗС у твітары.
У 2021 годзе Беларусь і Латвія павінны прыняць чэмпіянат свету па хакеі.
Нагадаем, людзей, падобных да Баскава і Шакуту, бачылі пры збіцці і затрыманні загінулага Рамана Бандарэнкі.