На нарадзе па замежнай палітыцы Эйсмант сядзела да Лукашэнкі бліжэй за Церцеля

17.11.2020 / 12:26

З савецкіх часоў вядома, што рассадка на нарадах з удзелам кіраўніка краіны выпадковай не бывае. 17 лістапада Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па замежнай палітыцы, на якой прысутнічала восем топ-чыноўнікаў. Якім жа чынам яны размясціліся за сталом?

Фота БелТА.

Бліжэй за ўсё да Лукашэнкі сядзелі прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка і спікер Савета рэспублікі Наталля Качанава. Тут усё звычайна — гэта другая і трэцяя асобы ў краіне.

У другім шэрагу размясціліся спікеры Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка (дарэчы, нейкі час адсутнічаў на радарах, мо быў на самаізаляцыі).

Фота БелТА.

А вось ужо трэці шэраг выглядае нечакана. На ім размясціліся прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Часцей за ўсё яна на падобных нарадах знаходзіцца падалей. Таксама тут жа чалавек, падобны да намесніка дзяржсакратара Рады бяспекі Уладзімір Арчакаў. Пасада дзяржсакратара Рады бяспекі вольная пасля звальнення Валерыя Вакульчыка, але Арчакава нават не прызначалі выконваючым абавязкі.

І, што дзіўна, за Эйсмант і Арчакавым на чацвёртым шэрагу размясціліся міністр замежных спраў Уладзімір Макей (цікава, нарада праходзіць па ягонай тэме, а тут апошні шэраг), а таксама кіраўнік КДБ Іван Церцель.

ЗП