У Інстытуце гісторыі новы дырэктар — Вадзім Лакіза

02.12.2020 / 15:58

БелТА

Пра гэта «Радыё Свабода» стала вядома ад некалькіх супрацоўнікаў акадэмічнай установы. Ягоную кандыдатуру кіраўніцтва НАН зацвердзіла 2 снежня.

Раней Вадзім Лакіза быў намеснікам кіраўніка па навуковай рабоце.

За некалькі тыдняў шэсць актыўных гісторыкаў і археолагаў атрымалі даведкі аб непрацягненні кантрактаў менавіта за подпісам Вадзіма Лакізы. Сем чалавек сышлі ў знак пратэсту.

Вадзім Лакіза нарадзіўся ў 1970 годзе ў Дзятлаўскім раёне. Скончыў гістарычны факультэт Гарадзенскага ўніверсітэта (1992). Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Культурна-храналагічная ідэнтыфікацыя старажытнасцей ранняга і сярэдняга перыядаў бронзавага веку Беларускага Панямоння» (2004).

Працаваў настаўнікам гісторыі ў Дзятлаве. З 1998 года — у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі (з 2012 года — намеснік дырэктара па навуковай рабоце). Ён археолаг. Праводзіў палявыя даследаванні на тэрыторыі Паўночна-заходняй Беларусі. Выявіў і абследаваў звыш за 200 помнікаў.

Раней Інстытут гісторыі ўзначальваў Вячаслаў Даніловіч, цяпер ён рэктар Акадэміі кіравання.