Вайна сімволік як феномен беларускай рэвалюцыі
Піша ў сваім фэйсбуку Валер Карбалевіч.
05.12.2020 / 11:52
Улады паслядоўна зачышчаюць беларускую палітычную прастору ад бел-чырвона-белай сімволікі.
За вывешванне нацыянальнага сцяга на балконе ці нават бялізны адпаведных колераў на гаспадароў кватэр заводзяць адміністрацыйныя справы. Разбураюць канструкцыі ў дварах дамоў («Эйфелева вежа»), якія выкарыстоўваюцца для вывешвання бел-чырвона-белых сцягоў. Рыхтуюцца на заканадаўчым узроўні забараніць нацыянальныя сцяг. Дзяржаўная «Народная газета» змяніла дэвіз «Жыве Беларусь!», пад якім выходзіла 30 гадоў, на слоган «Жыві і квітней, Беларусь!».
Адначасова на дзяржаўных установах вывешваюцца афіцыйныя сцягі. Дасюль яны з'яўляліся толькі падчас дзяржаўных святаў. Цяпер вісяць увесь час. Спрабавалі нават на аўтазаках вывешваць.
Вайна сцягоў — гэта яшчэ адзін цікавы феномен беларускай рэвалюцыі.
Але ўжо цяпер лёгка можна даць прагноз, які сцяг у недалёкай будучыні стане дзяржаўным сцягам Беларусі.