Кубінцу, які ўдзельнічаў у пратэстах, пагражае дэпартацыя з Беларусі і турма на радзіме
08.12.2020 / 14:03
Ужо месяц на Акрэсьціна ўтрымліваюць 55-гадовага кубінца Рабэрта Касануэву. Ён аседзеў 15 сутак за ўдзел у маршы, але яго так і ня выпусьцілі. Цяпер Рабэрта, які 30 гадоў пражыў у Беларусі, пагражае дэпартацыя на Кубу, а там — рэальны турэмны тэрмін, піша «Радыё Свабода».
Вядомага дызайнэра Рабэрта Вальдэса Касануэву затрымалі 8 лістапада. На волю пасьля адседкі ён павінен быў выйсьці 23 лістапада. Апошнія 3 дні свайго тэрміну ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна кубінец сядзеў у адной камэры з Вадзімам Сугойдзем.
«Чэ Гевара ніякі не герой, гэта прапаганда»
Беларускага майстра Вадзіма Сугойдзя, які вырабляе сувэніры з дрэва, гліны і скуры, затрымалі разам з старэйшым сынам, калі ўся сям’я слухала дваровы канцэрт 19 лістапада, і таксама далі па 15 сутак. Днямі ён выйшаў на волю і расказаў «Свабодзе» пра сваю адседку і сустрэчу з кубінцам.
«У камэру ўваходзіць прыгожы мужчына з доўгімі валасамі, на выгляд яму гадоў за 50. Пачынаем знаёміцца. Ён кажа: «Я Рабэрта». Я адразу здагадаўся, што гэта той самы кубінец, графічны дызайнэр, пра затрыманьне якога я чытаў на «Нашай ніве». Разгаварыліся. Ён прызнаўся, што з самага пачатку, яшчэ зь сярэдзіны 1990-х, не ўспрымаў Аляксандра Лукашэнку, казаў, што ў Беларусі паўтараецца тое самае, што было на Кубе: дыктатура, жорсткая рэакцыя.
Ён нам сказаў, што Чэ Гевара ніякі не герой, гэта прапаганда. Што на самой справе Чэ Гевара — забойца, які расстрэльваў палонных. Калі прыйшоў да ўлады Фідэль Кастра, абяцалі справядлівыя выбары правесьці, а папраўдзе выбараў дэмакратычных на Кубе ніколі не было», — успамінае аповеды кубінца Вадзім Сугойдзь.
Даўно хацеў памяняць кубінскае грамадзянства на беларускае, але адмаўлялі
Рабэрта расказаў сукамэрнікам сваю гісторыю. Ён скончыў у Гаване мастацкую акадэмію. Звыш 30 гадоў таму назад на Кубе ён ажаніўся зь беларускай. Але жонцы давялося вярнуцца на радзіму даглядаць хворую маці, і Рабэрта таксама прыехаў у Беларусь. Быў жанаты тройчы, цяпер зноў разьведзены. Мае траіх дзяцей: дваіх дарослых і аднаго непаўналетняга. Ён сябра Беларускага саюза дызайнэраў.
«Рабэрта казаў, што даўно хацеў памяняць кубінскае грамадзянства на беларускае, неаднаразова зьвяртаўся ў амбасаду Кубы, каб яму скасавалі кубінскае грамадзянства, бо двайнога грамадзянства ў Беларуі няма. Але яму ўвесь час адмаўлялі. У яго пратэрмінаваны пашпарт. Пра тое, што яму пагражае дэпартацыя, кубінец даўно ведаў.
Калі яго дэпартуюць, на радзіме пасадзяць на доўгія гады. Бо Куба прызнае Лукашэнку і, раз Рабэрта Касануэва выступіў супраць Лукашэнкі, то ён выступае супраць Кубы», — кажа Вадзім Сугойдзь.
Беларускія ўлады адмовіліся працягнуць від на жыхарства праз пратэсты
Беларускія ўлады адмовіліся працягнуць Рабэрта від на жыхарства. Вадзім таксама распавёў, што ў Рабэрта дрэнны зрок, высокая ступень дальназоркасьці.
«А яго пазбавілі акуляраў, ён ня можа чытаць, ня можа маляваць. Можаце ўявіць, як яму як творчаму чалавеку цяжка — няма чым заняць сябе. Да таго ж яму родныя прыслалі ліст, але турэмнікі чамусьці аддалі толькі канвэрт, а сам ліст — не. Гэта проста зьдзек», — працягвае Вадзім.
Сугойдзь кажа, што ў іх была слабая надзея, што Рабэрта ўсё ж выпусьцяць пасьля 15 сутак адседкі. Сукамэрнікі, якія павінны былі выйсьці значна пазьней, далі кубінцу нумары тэлефонаў сваіх блізкіх, каб той паведаміў, што ў іх усё нармальна. Але ўжо на волі даведаліся, што Рабэрта так і не тэлефанаваў, а гэта азначае, што яго ня выпусьцілі.
Паводле беларускага заканадаўства, чалавек, пра якога прынята рашэньне аб дэпартацыі ці высылцы, можа даволі доўга знаходзіцца на Акрэсьціна — пакуль будуць афармляцца неабходныя дакумэнты.
«У ЦІПе ўжо 7 месяцаў трымаюць грамадзяніна Замбіі, кажуць, што ў яго ўжо з псыхікай дрэнна. Мы чулі ягоныя трызьненьні на ангельскай мове. Доўга сядзіць там і ўкраінец; праўда, ня ведаю, за што сядзіць, але просіць, каб да яго дапусьцілі консула, але чамусьці не дапускаюць», — расказаў Вадзім Сугойдзь.
«Самы страшны момант — калі бяруць. А потым шок праходзіць»
Што да свайго затрыманьня і адседкі, Вадзім Сугодзь расказаў, што разам зь сям’ёй 19 лістапада выйшаў з дому паслухаць саксафон у двары на вуліцы Панчанкі. Адна з дачок (у сям’і шасьцёра дзяцей) засталася дома і, прачытаўшы ў тэлеграм-канале, што побач ДАІ перагароджвае дарогу, тэрмінова патэлефанавала бацькам, а яны пасьпелі папярэдзіць музыкаў.
«Музыкі схаваліся спачатку ў суседнім падʼезьдзе, а потым высьветлілася, што іх схаваў у сваёй кватэры чалавек, які наагул ніколі ў сваю хату нікога не пускае. Не дазваляе нават сяброўкам жонкі прыходзіць у госьці. Але незнаёмых людзей пусьціў, пачаставаў гарбатай, а потым, калі яны адседзеліся, вывеў бясьпечным шляхам», — прыгадвае Вадзім. Але гледачы ўцячы не пасьпелі: падʼехаў белы бус з АМАПам. Спачатку затрымалі 23-гадовага сына Сугойдзя, далі каленам у твар і пацягнулі ў бус. Бацька кінуўся бараніць сына, іх забралі, а жонка сама зайшла ў бус — бараніць і падтрымаць абодвух. У выніку бацьку і сыну далі па 15 сутак, а жонцы — штраф.
«Самы страшны момант — калі бяруць. А потым ужо нічога: калі прывозяць у РУУС афармляць, шок праходзіць. Трэба радавацца, што «абы ня горш». Затрымалі — добра, што не пабілі. Калі пабілі — добра, што нічога не зламалі (ці не забілі). Пасадзілі ў камэру — добра, што ёсьць вада. Дарэчы, калі затрымалі, я падумаў: «Хоць ад кавы крыху арганізм ачысьціцца», — разважае Вадзім Сугойдзь. Пасьля некалькіх дзён утрыманьня на Акрэсьціна яго перавялі ў Баранавічы, адтуль 4 сьнежня ўвечары выйшаў на волю.