Памёр эканаміст Леанід Заіка. Ён перанёс каранавірус

27.12.2020 / 11:10

Пра гэта Белсату паведамілі ягоныя сваякі. 

«А 4-й раніцы ў яго спынілася сэрца, медыкі забралі цела. Ён хварэў з красавіка, нікуды не выходзіў з дому, перанёс каранавірус, але адчуваў сябе па-рознаму. Яшчэ ў панядзелак мы праграму з ім запісвалі, трымаўся ён добра, але вось сэрца не вытрымала»,—распавёў Свабодзе калега Заікі Яраслаў Раманчук.

Леанід Заіка нарадзіўся 23 жніўня 1948 года ў Гродне. Выкладаў ва ўніверсітэтах Беларусі, быў дэканам эканамічнага факультэта ЕГУ.

З 1992 года кіраваў праектамі Сусветнага Банка па макраэканамічнай палітыцы ў Беларусі. Як незалежны эксперт з 1996 года па 1999 год быў сябрам Рады па эканамічным развіцці Савета міністраў, з 2000 год па 2002 — сябрам Экспертнай рады Савета Рэспублікі.

З 1997 года кіраваў аналітычным цэнтрам «Стратэгія».

Аўтар і навуковы рэдактар шматлікіх кніг і публікацый у Беларусі і за мяжой.

Леанід Заіка рэгулярна каментаваў эканамічную сітуацыю ў недзяржаўных СМІ Беларусі.

Nashaniva.com