«Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць». У інтэрнэце з'явіўся запіс з выказваннямі пра Ціханоўскага. Голас падобны да Караева

30.12.2020 / 00:04

Аб'яднанне афіцэраў-сілавікоў за грамадзянскія правы BYPOL апублікавала матэрыялы, якія датычаць затрымання Сяргея Ціханоўскага ў Гродне. Сярод іншага, у інтэрнэце з'явіўся і аўдыязапіс, на якім чалавек з голасам, падобным да голасу экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева кажа пра чалавека, які «больш небяспечны за ўсіх гэтых Бабарыкаў», «трэба пасадзіць яго надоўга».

Прозвішча Ціханоўскага на запісе не гучыць. Аднак з кантэксту робіцца ясна, што гаворка менавіта пра гэтага крытыка Аляксандра Лукашэнкі, які не быў дапушчаны да ўдзелу ў выбарах, а ў канцы мая і ўвогуле быў затрыманы па дзіўных абвінавачваннях падчас аднаго з пікетаў па зборы подпісаў за кандыдатуру сваёй жонкі, Святланы Ціханоўскай.

— Гэты быдлаган краіну хацеў разгайдаць: на пахіленых платах, будоўлях нейкіх старшыняў райвыканкамаў і сельсаветаў, як яны сабе там пяць рублёў скралі. Я казаў пазаўчора ў інтэрв'ю, што ён, гэтая пачвара, у Расіі бачыў у шмат разоў горш за ўсе гэтыя пытанні, але там ён свой паганы рот не адкрываў: «Мы з чалавекам разбяромся!». А тут прыехаў на самую ціхую ніву, на самае пакорлівае насельніцтва, на самых лепшых міліцыянтаў у свеце! І пачаў «мусара» там, «мы разгайдаем гэтую ўладу», бачачы, што яму няма процідзеяння. Добра, што яго хлопнулі. Шкадую толькі, што позна. Хоць вы ж у кастрычніку маю ўвагу на гэта звярталі. Мы з камітэтаўскімі працавалі разам. І добра, што ва ўсіх хапіла мудрасці хоць калісьці яго ўбачыць і хлопнуць.

Хай крычыць увесь свет: «По пределу, по беспределу». Такая пачвара больш небяспечная, чым усе. Ён больш небяспечны за ўсіх гэтых Бабарыкаў. Ён разбуральнік дзяржавы. Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там! — гаворыць голас на запісе.

У BYPOL сцвярджаюць, што гэты аўдыёзапіс быў зроблены на закрытай сустрэчы Юрыя Караева з адным з падраздзяленняў.

Гэта не першы аўдыязапіс з галасамі, падобнымі да галасоў топ-чыноўнікаў Беларусі. Раней грамадства было шакаванае запісамі размоў, датычнымі гібелі Рамана Бандарэнкі.

«Наша Ніва» не змагла атрымаць каментар афіцыйных асоб адносна гэтага аўдыязапісу. У прэс-службе МУС нам не адказалі і не здымалі слухаўку. Самі мы не можам правесці экспертызу праўдзівасці аўдыёзапісу і вызначыць, каму належыць голас на ім, можна толькі сказаць, што відавочных элементаў мантажу не назіраецца. 

Чытайце таксама: «Прыемная дзяўчына пышных форм». Ідэнтыфікавалі правакатарку з сустрэчы з Ціханоўскім

NN.BY