На дзяўчыну журналіста Андрэя Аляксандрава таксама завялі крымінальную справу
Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня. Разам з ім на сувязь перастала выходзіць і яго дзяўчына Ірына Злобіна.
14.01.2021 / 13:57
Ірына Злобіна, фота з сацсетак
Да вечара стала вядома, што Аляксандраў праходзіць падазраваным па крымінальнай справе. Сёння сястра Злобінай паведаміла БелаПАН, што Ірына таксама праходзіць па крымінальнай справе, піша Tut.by.
Ірына і Аляксандр жылі разам. Дзяўчына скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Апошнія гады займалася сваім невялікім бізнэсам - кветкі і вытворчасць сувеніраў. Сёння сястра Ірыны была ў следчага.
Ёй паведамілі, што Ірына з'яўляецца падазраванай па крымінальнай справе, але не канкрэтызавалі, па якой.
— Мы напісалі ліст з просьбай даць інфармацыю. 15 дзён будуць даваць адказ — сказала сястра Злобінай. Атрымаць каментар у СК Tut.by не атрымалася.
Нагадаем, учора стала вядома, што Андрэй Аляксандраў праходзіць падазраваным паводле арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».