Памёр заснавальнік «Беліты» Віктар Цярэшчанка — №28 рэйтынгу бізнэсменаў
На 83-м годзе жыцця не стала гендырэктара ЗАТ «Вітэкс» Віктара Цярэшчанкі, які з'яўляўся старшынёй праўлення СП «БЕЛІТА» ТАА. Ён стаяў ля вытокаў стварэння беларускай касметыкі і з'яўляўся адным з тых, хто падаў паспяховы прыклад супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі.
16.01.2021 / 21:04
Прэс-служба «Беліты»
Як паведамілі Tut.by блізкія Цярэшчанкі, у апошні час бізнэсмен змагаўся з каранавіруснай інфекцыяй.
— У яго было яшчэ шмат ідэй. Віктар Аляксеевіч планаваў выпісацца з лякарні і далей працягваць працаваць, але ўсё пайшло па іншым сцэнары, — сказаў суразмоўца.
Як распавядаў раней Віктар Цярэшчанка, па прафесіі ён інжынер-механік, да касметыкі меў далёкае дачыненне. «Але мая ідэя [стварыць прадпрыемства, якое рабіла шампуні, бо быў іх велізарны дэфіцыт] была патрэбнай. Вырашыў звязацца з Wella, але не атрымалася: гэта былі часы адыходзячай эпохі Савецкага Саюза. Працягнулі пошук партнёра — і знайшлі, казаў Цярэшчанка.
Маладая італьянская фірма GVF пагадзілася супрацоўнічаць. Яны давалі тэхналогіі, рэцэптуру, абсталяванне — гэта было космасам. Складанасці таксама касмічныя. Напрыклад, пры фармаванні статутнага фонду прадпрыемства курс даляра быў 72 капейкі. І калі італьянец прыязджаў, дзівіўся таму, што за 100 савецкіх рублёў ён не можа паесці ў рэстаране. І не было, што яму адказаць, таму што гэта так і было.
У 1989 годзе зарэгістравалі невялікую вытворчасць па выпуску ўсяго шасці найменняў тавару. «Беліта» стала фактычна першым СП у Беларусі».
Дзве кампаніі — «Беліта» і «Вітэкс» — цесна пераплеценыя паміж сабой: маркетынгам і распрацоўкамі.