Украінскія спецслужбы: Беларусь запрашае ФСБ стварыць на сваёй тэрыторыі сумесныя пасты радыёэлектроннай выведкі
18.01.2021 / 14:20
Украінскі канал ТСН апублікаваў нібыта перахоплены спецслужбамі ліст старшыні беларускага Пагранкамітэта Анатоля Лапо да намесніка дырэктара расійскага ФСБ Уладзіміра Кулішова.
У ім Лапо запрашае расіян «стварыць сумесныя выведвальныя пасты радыёэлектроннай выведкі і спецыяльнай тэхнічнай выведкі пагранічных органаў Расіі на тэрыторыі Беларусі з задзейнічаннем спецыяльных тэхнічных сродкаў расійскага боку».
Працаваць там прапануецца расійскім спецыялістам.
Вось што пішацца ў матывацыйнай частцы: «Рэалізацыя дадзеных захадаў абумоўлена далейшым абвастрэннем абстаноўкі на знешняй граніцы саюзнай дзяржавы ва ўмовах працяглай дысанацыі існуючай сістэмы стратэгічнай стабільнасці, нарастаючым міжнародным ціскам на Рэспубліку Беларусь, у тым ліку як ваеннага і палітычнага саюзніка Расійскай Федэрацыі».
Лапо наракае, што цяперашні графік сумесных мерапрыемстваў не дазваляе неперарыўнае назіранне «ўсіх выяўленых аператыўна-значных крыніц інфармацыі ўзаемнай зацікаўленасці».
У чым небяспека такога запрашэння?
Украінскі ТСН алармуе, што рэалізацыя гэтай прапановы дазволіць расіянам у рэжыме рэальнага часу адсочваць увесь перамоўны эфір — ад мабільных тэлефонаў да зашыфраваных каналаў, а таксама бачыць перасоўванні тэхнікі.
Сваю занепакоенасць у эфіры выказаў і камандуючы аб'яднаных сілаў украінскага войска генерал-лейтэнант Сяргей Наеў.
Ці абгрунтаваныя асцярогі нашых суседзяў?
«Наша Ніва» папрасіла афіцыйнага прадстаўніка беларускага Пагранічнага камітэта Антона Бычкоўскага пракаментаваць дакумент.
«У ім [дакуменце] няма нічога пра граніцу з Украінай, — сказаў Бычкоўскі. — Ёсць «саюзная дзяржава», ёсць сумесныя планавыя мерапрыемствы з калегамі па забеспячэнні бяспекі на граніцы».
Але яшчэ праз некаторы час Бычкоўскі дадаў, што «мае сумневы ў сапраўднасці дакумента».
Вядома, што Расія даўно дабіваецца размяшчэння сваіх памежнікаў на граніцах Беларусі.