Фонд Навальнага выпусціў расследаванне пра «палац Пуціна». Ён абышоўся ў $1,35 мільярда
Фонд барацьбы з карупцыяй расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага выпусціў расследаванне пра «палац Пуціна», пабудаваны ў Геленджыку. У фільме распавядаецца пра гісторыю рэзідэнцыі, на ўзвядзенне якой, паводле звестак ФБК, было выдаткавана $1,35 мільярда, і паказваюцца яе інтэр'еры.
19.01.2021 / 17:00
Так званы «палац Пуціна», ён жа рэзідэнцыя на мысе Ідакопас, быў збудаваны ў 2005-2010 гадах на чарнаморскім узбярэжжы непадалёк ад Геленджыка. Пра тое, што ён быў пабудаваны для прэзідэнта Расіі, у 2010 годзе заявіў бізнэсмен Сяргей Калеснікаў. Ён жа ацаніў кошт праекта ў 1 мільярд даляраў.
У расследаванні Фонду барацьбы з карупцыяй, як сцвярджаецца, раскрытая схема фінансавання будаўніцтва палаца, а таксама паказаныя яго інтэр'еры.
«Гэта самае ахоўнае месца ў Расіі, фактычна дзяржава ў дзяржаве, і гэта самы вялікі пуцінскі сакрэт. Які зберагаюць сотні, нават тысячы чалавек — ад невядомых ахоўнікаў, садоўнікаў і будаўнікоў да самых багатых і знакамітых людзей у Расіі», — гаворыцца ва ўступленні да расследавання. Сама пабудова палаца названая «самым вялікім хабарам у гісторыі».