Знаны праваслаўны святар паручыўся за палітвязня Лосіка
Вядомы праваслаўны місіянер і блогер Аляксандр Кухта, аўтар ютуб-канала «Бацюшка адкажа», вырашыў далучыцца да акцыі па выратаванні Ігара Лосіка, жыццё і здароўе якога з-за галадоўкі, якую палітвязень трымае ўжо 36 дзён, знаходзіцца ў небяспецы.
20.01.2021 / 21:40
Аляксандр Кухта выступіў з асабістай парукай за Ігара Лосіка ў адпаведнасці з арт.121 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Ён напісаў пра гэта ў сябе ў фэйсбуку і запрашае іншых святароў таксама выступіць паручнікамі ў Ігара.
«Я не ведаю Ігара. І я не ведаю, ці спрацуе мая авантура наогул. Магчыма ці Ігар, ці дзяржава адмовяцца ад гэтага кампрамісу. Але я не хачу, каб па дурасці памёр чалавек, а яго сям'я засталася асірацелай. Таму сёння я падаў у Следчы камітэт хадайніцтва аб тым, каб мяне прызналі яго паручнікам. Калі гэты план спрацуе, то Ігар паедзе дадому і пачне есці. А далей я ўскладаю надзеі на Бога», — напісаў святар.