Украіна запрасіла Ціханоўскую на сустрэчу Люблінскага трохкутніка

29.01.2021 / 07:38

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба разам з літоўскім калегам Габрыэліюсам Ландсбергісам і польскім калегам Збігневам Рау правядуць 29 студзеня ў анлайн-фармаце першае пасяджэнне Люблінскага трохкутніка, на якое таксама запрошаная Святлана Ціханоўская. Пра гэта паведамляе прэс-служба МЗС Украіны.

«Кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў абмяркуюць сумесныя крокі для процідзеяння выклікам і пагрозам у Цэнтральнай Еўропе, пазначаць прыярытэтныя кірункі супрацоўніцтва Люблінскага трохкутніка ў 2021 годзе. У частцы абмеркавання сітуацыі ў Беларусі з ініцыятывы ўкраінскага боку ў пасяджэнні возьме ўдзел запрошаная госця — лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская», — гаворыцца ў паведамленні.

«Гэта першы афіцыйны кантакт Святланы Ціханоўскай з украінскім урадам, — адзначае яе дарадца па замежнапалітычных пытаннях Франак Вячорка. —

Украіна доўга пазбягала кантакту з Каардынацыйнай радай і Ціханоўскай. Гучалі галасы аб прарасійскай прыродзе беларускіх пратэстаў. Ціханоўская выступіць з вітальным словам і паўдзельнічае ў дыскусіі пра сітуацыю ў рэгіёне і супрацу з суседзямі, у першую чаргу з Украінай».

Як паведамлялася, Люблінскі трохкутнік у ліпені 2020 года падчас наведвання польскага горада Люблін распачалі кіраўнікі МЗС Украіны, Польшчы і Літвы Дзмітрый Кулеба, Яцэк Чапутовіч і Лінас Лінкявічус.

Nashaniva.com