Дэпутат Варанецкі супраць забароны бел-чырвона-белага сцяга: Недапушчальна таптацца па сваім мінулым
29.01.2021 / 22:47
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі пракаментаваў прапанову Генеральнай пракуратуры наконт ўключэнні нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга ў спіс «экстрэмісцкіх».
Валерый Варанецкі
«Такія рэчы патрабуюць навуковай ацэнкі і, перш за ўсё, з боку гісторыкаў. Гэта той выпадак, калі спяшацца нам ні ў якім разе нельга.
Трэба мець на ўвазе, што бел-чырвона-белы сцяг з'яўляўся першым дзяржаўным сцягам нашай адроджанай беларускай дзяржавы. Пад ім яна рабіла першыя крокі па ўмацаванні свайго нацыянальнага суверэнітэту і незалежнасці. Пад ім прымаў прысягу першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Бел-чырвона-белы сцяг лунаў над нашымі дзяржаўнымі будынкамі і ўпрыгожваў залы ўрачыстасцяў Дома ўрада, парламента, Адміністрацыі прэзідэнта, Вярхоўнага суда, Генеральнай пракуратуры і іншых дзяржаўных устаноў, сімвалізуючы суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны.
Яму аддавалі ўшанаванні за мяжой у ходзе візітаў беларускіх дзяржаўных дэлегацый, уручэння даверчых грамат нашымі пасламі… Пад ім мы сустракалі першых асоб замежных дзяржаў, якія з візітамі наведвалі нашу краіну. Ён сімвалізаваў выбітныя перамогі нашых спартсменаў на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах свету, іншых міжнародных спаборніцтвах.
З ім былі звязаны вельмі важныя старонкі гісторыі нашай з вамі маладой беларускай дзяржавы. І таптацца па сваім мінулым, калі мы глядзім у будучыню і хочам пабудаваць моцную, незалежную і квітнеючую краіну, на мой погляд, — недапушчальна. Мы павінны шанаваць сваю гісторыю», — мяркуе Варанецкі.