«24 гады нікому не замінаў»: Алесь Пушкін распавёў, як у мінулыя выходныя з яго дома здымалі бел-чырвона-белы сцяг
02.02.2021 / 09:28
— Відаць, спецыяльна вырашылі зняць сцяг у маю адсутнасць, каб мяне не арыштоўваць, — расказаў Алесь Пушкін «Народнай волі». — Бо без бойкі я яго не аддаў бы. Але мяне не было, і бел-чырвона-белы сцяг быў гвалтоўна зламаны, хаця да гэтага 24 гады лунаў над маёй хатай і нікому не перашкаджаў.
Напярэдадні старшы інспектар Крупскага РУУС Дзмітрый Мікалаевіч Дзяго патэлефанаваў маёй жонцы і запытаўся, дзе яна знаходзіцца. Тая была ў краме, міліцыянер сказаў, каб ішла дадому. Яна прыйшла і ўбачыла, што ля хаты стаяць «вышка» і міліцэйская машына. Коратка паведамілі, што прыехалі здымаць сцяг.
Яна ім у адказ: «Дачакайцеся мужа, ён прыедзе праз дзень». Зараз я працую на Магілёўшчыне, ў Жылічах Кіраўскага раёна, на рэстаўрацыі палаца Ігната Булгака. Але ніхто чакаць не стаў.
— А што са сцягам? Забралі?
— І сцяг, і герб «Пагоня», які знаходзіўся на франтоне, жонцы аддалі пад распіску да суда. Значыць, збіраюцца мяне яшчэ і судзіць.
— Ці будзеце зноў вывешваць сцяг над хатай?
— Пакуль не буду, бо што нам застаецца? У нас і так беларускамоўная сям’я, мы ўсе гамонім на роднай мове, а ў хаце святыні вісяць разам з бел-чырвона-белымі сцяжкамі. Таму мы ў любым выпадку застаёмся свядомымі беларусамі. Ну ўздыму я зноў над дахам сцяг, і што далей? Плаціць 30 базавых велічынь? Альбо прыедуць міліцыянеры, будзе канфлікт, распачнецца бойка. Затым могуць не толькі 15 сутак даць, але і распачаць крымінальную справу. Таму, відаць, не варта бегчы з кулакамі на танк.
— Вы казалі, што сцяг вісеў 24 гады…
— Так, з 1997 года, і не было ніякіх прэтэнзій ні з боку міліцыі, ні з боку пракуратуры. І зараз я, відаць, напішу заяву ў пракуратуру, прыкладу відэа таго, як здымалі сцяг, і запытаюся: на падставе якога канкрэтна закона гэта зроблена? Я разумею, што зняць бел-чырвона-белы сцяг — гэта не асабістая ініцыятыва таго ж міліцыянера Дзяго, загады ідуць ад куды больш высокага начальства. Вы ж бачыце, да чаго дайшло: хочуць прызнаць нацыянальную сімволіку экстрэмісцкай.
Дарэчы, жонка сказала, што міліцыянеры былі дастаткова добразычлівыя, не было з іх боку ніякай агрэсіі. 24 гады ім не было ніякай справы да гэтага сцяга, але відавочна, што зараз загады пайшлі зусім іншыя. Тым, хто наверсе, патрэбна знішчыць апошнія бастыёны Беларушчыны.