У Гродне на «хімію» асудзілі чалавека, які перашкаджаў «ябацькам» замалёўваць БЧБ на тратуары. Жанчына выявілася судзімай і беспрацоўнай
У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 12 лютага працягваўся разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара Васіля Пільца. Яго абвінавачвалі па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (Хуліганства). Нібыта 14 снежня мінулага года штурхануў агрэсіўных прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі і актывістаў незарэгістраванага праўладнага руху «Антывандал», паведамляюць праваабаронцы.
12.02.2021 / 20:26
Справу разглядаў Дзмітрый Кедаль. Дзяржаўны абвінаваўца — памочнік пракурора Алена Пронька.
Пацярпелыя па справе Вольга Бондарава і Аляксандр Галахаў, актывісты незарэгістраванага руху «Антывандал».
Па матэрыялах следства, 14 снежня Васіль Пілец аказаў гвалт у дачыненні да Галахава і Вольгі Бондаравай, якія зафарбоўвалі на ходніках выявы нацыянальных сцягоў, штурхнуў іх, схапіў іх за вопратку, сарваў маску, тым самым прычыніў пацярпелым фізічны боль.
Адвакат запытаўся ў пацярпелай Вольгі Бондаравай, ці прыцягвалася яна да адміністрацыйнай адказнасці?
— Так.
— А да крымінальнай, за кантрабанду цыгарэт у Польшу?
— Таксама так.
Адвакат пытаецца зноў:
— У заключэнні судмедэкспертызы не зафіксавана нанясенне вам цялесных пашкоджанняў?
Бондарава адказвае: «Не, прычынены боль з'яўляецца цялесным пашкоджаннем».
Пілец ад апошняга слова адмовіўся.
Адвакат прасіў прызнаць абвінавачанага невінаватым.
Суддзя выносіць прысуд: адзін год абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Пільца вызвалілі з-пад варты.