«Дзеці пахаваліся, ім было страшна»: намеснік старшыні БАЖ пра ператрус
Прыкладна у 7:20 у кватэру да намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага сталі званіць невядомыя.
16.02.2021 / 11:51
Спачатку Барыс не адчыняў дзверы, але праз пару хвілін яны сказалі, што ў іх балгарка і молат, таму яны будуць выбіваць дзверы.
Барыс Гарэцкі. Фота БелГазета.
«У мяне звычайныя драўляныя дзверы, сказаў, што зараз адчыню. Мне сказалі: «У цябе адна секунда». Калі адчыніў, то прымусілі пакласці рукі за спіну і стаць да сценкі. Праз нейкі час «група захопу» сышла, засталіся трое следчых, якія праводзілі ператрус. Разам з імі былі двое панятых, яны называлі свой адрас Кастрычніцкая, 10. Як я зразумеў, гэта былі студэнты», — расказвае Барыс Гарэцкі.
Ператрус адбываўся ў рамках крымінальнай справы па артыкуле 342 КК. «Праводзілі ўсё вельмі пільна. Зазіралі ва ўсе дзіцячыя рэчы, курткі, кофты, пеналы [у Барыса трое дзяцей — «НН»]. Глядзелі ў халадзільніку, лядоўні, пральнай машыне, смецці, бляшанцы з-пад кавы — карацей, паўсюль».
У выніку ў Гарэцкага і сям’і канфіскавалі два камп'ютары, а таксама мабільныя тэлефоны, у тым ліку і дзіцячыя. «Яшчэ забралі кнігі Уладзіміра Арлова, літаральна тыдзень таму пісьменнік падпісаў іх мне, не ведаю, чаму гэта так зацікавіла».
«Дзеці пахаваліся, яны яшчэ не паспелі пайсці ў школу. Вядома, ім было страшна, калі забіраюць іх тэлефоны», — кажа спадар Гарэцкі.