Журналісткі «Белсата» Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова асуджаныя на два гады калоніі за стрым
Такі прысуд вынес сёння суд Фрунзенскага раёна Мінска.
18.02.2021 / 10:11
Суддзёй на працэсе была Наталля Бугук, дзяржабвінаваўцай — Аліна Касьянчык.
— Ці зразумелы вам прысуд? — удакладніла суддзя.
— За што гэта? Чаму адразу не 25 гадоў? — спыталі Дар'я і Кацярына.
Па рашэнні суда, рэчавыя доказы — чатыры штодзённікі, налепкі, сцяг — павінны знішчыць. А тэхніку і камізэлькі з надпісам «Прэса» — канфіскаваць.
Дыктафон, ноўтбукі, плэер, фотаапарат, некаторыя тэлефоны, грашовыя сродкі — ад арышту павінны вызваліць і перадаць Андрэеевай і Чульцовай.
Кацярына і Дар'я 15 лістапада 2020-га вялі стрым з плошчы Пераменаў, дзе людзі сабраліся, каб ушанаваць памяць памерлага пасля збіцця Рамана Бандарэнкі.
Андрэеву і Чульцову прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).