Украіна адбірае нафтапрадуктаправод у беларускага мультымільянера
Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны прыняў рашэнне «прыняць неадкладныя меры» для вяртання ў дзяржаўную ўласнасць часткі нафтапрадуктправода, продаж якога звязвалі з прарасійскім палітыкам Віктарам Медзвядчуком. Па сутнасці пастаўлена задача вярнуць у дзяржуласнасць нафтапрадуктаправод «Самара — Заходні кірунак», які з 2019 года на 51% належаў беларусу Мікалаю Вераб'ю.
19.02.2021 / 20:24
«Справа ў тым, што ніякай прыватызацыі гэтага аб'екта ўкраінскай уласнасці не было. На наш погляд, у незразумелы пакуль спосаб гэты аб'ект дзяржаўнай уласнасці без прыватызацыі, без Фонду дзяржмаёмасці апынуўся ва ўладальнікаў, якія зарэгістраваныя ў іншай краіне.
І цяпер дадзена даручэнне разабрацца, чаму так адбылося, хто гэтую здзелку праводзіў, і чаму так здарылася, што гэтыя афіляваныя з Украінай грамадзяне пэўны час карысталіся гэтым прадуктаправодам.
Ён знаходзіўся не пад кантролем дзяржавы Украіна. Хто ім карыстаўся, як гэта адбывалася — вы ў найбліжэйшы час усё гэта ўбачыце і пачуеце», — сказаў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Данілаў.
Па законе, магістральны трубаправодны транспарт мае важнае народнагаспадарчае і абароннае значэнне і з'яўляецца дзяржаўнай уласнасцю Украіны.
ТАА «ПрыкарпатЗахадтранс» эксплуатуе ўчастак нафтапрадуктаправода «Самара — Заходні кірунак» працягласцю каля 800 км. Ён прызначаны для прапампоўкі дызельнага паліва з Расіі і Беларусі для Украіны і транзіту ў Еўропу.
Уладальнікамі кампаніі з'яўляюцца беларускі бізнэсмен Мікалай Верабей і грамадзянін Нямеччыны Анатоль Шэфер. Шэфера звязваюць з Медзвядчуком. А Вераб'я часта называлі бізнэсоўцам, набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі.